banner

Архітэктура і тапаграфія мястэчка Свіслач у ХІХ ст.

18 Марта’11
3475

Архітэктура і тапаграфія мястэчка Свіслач у ХІХ ст.Публікацыя прысвечана праблеме вывучэння архітэктуры і тапаграфіі мястэчка Свіслач у XIX стагоддзі. Даследаванне ўключае ў сябе пытанні планіроўкі грамадзянскага і культавага будаўніцтва, знешняга архітэктурнага аблічча і ўнутранага інтэр’ера будынкаў мястэчка Свіслач. У матэрыяле апісваюцца і аналізуюцца працэсы стварэння і функцыянавання вулічнай сеткі ў ракурсе гістарычнага развіцця мястэчка канца XVIII – XIX стст. Даследаванне мае вялікае значэнне ў межах вывучэння культурнай праблематыкі мястэчак Гродзеншчыны.


Звяртаючыся да праблемы вывучэння матэрыяльнай культуры мястэчак Беларусі ў ХІХ ст., патрэбна дакладна ўяўляць сабе становішча і спецыфіку яе развіцця на канкрэтным лакальным узроўні. Асабліва шмат даследчыку можа падказаць архітэктура, якая не толькі адлюстроўвала знешняе аблічча мястэчка, але і сведчыла аб яго пэўнай культурна-цывілізацыйнай прыналежнасці.

Разгляд пытанняў, прысвечаных знешняму архітэктурнаму выгляду Свіслачы ў ХІХ ст., лагічна было б пачаць з вывучэння працэсаў складвання тапаграфічнай сеткі мястэчка ў ХVI – XVIII стст. Аднак такі падыход наўрад ці будзе магчымым і мэтазгодным, паколькі дадзены перыяд пакінуў па сабе надзвычай няшмат крыніц. Другая праблема, якая не дазваляе пайсці такім шляхам даследвання, заключаецца ў тым, што ў 1782 г. мястэчка Свіслач было цалкам па-новаму перабудавана яго ўладальнікам В. Тышкевічам. Такі значны паварот у развіцці тапаграфічнай структуры паселішча быў выкліканы шматлікімі зменамі ў эканамічным і палітычным жыцці Рэчы Паспалітай у другой палове XVIII ст. Інтэнсіфікацыя гандлёвых і вытворчых сувязяў, колькасны і якасны рост местачковага рамяства, а таксама пераарыентацыя яго на рынак адпаведным чынам паўплывалі на планіровачнае развіццё мястэчак, многія з якіх набываюць дастаткова развітую плошчава-вулічную структуру. Мястэчкі Беларусі такім чынам паступова страчвалі сваю сярэднявечную аднатыпнасць. На прыкладзе Свіслачы гэтая новая рыса праявілася праз замену паўхаатычнага радыяльнага прынцыпа забудовы на квартальны.

Пасля перабудовы мястэчка Тышкевічам у 1782 г. планіровачная структура Свіслачы адпавядала гатычнаму стылю: у забудове пераважаў лінейны характар, вуліцы прымыкалі да плошчы па датычнай і сыходзіліся да рагоў рынка такім чынам, што працягам аднаго з бакоў вуліцы з’яўлялася адна з ліній забудовы рынку. Вулічная сетка мястэчка мела магістральны характар і несла ў сваіх элементах семантыку геаграфічных напрамкаў. Цэнтральнае месца ў паселішчы займала плошча, вядомая таксама як Рынак або Гімназічны пляц. Акрэсленне «Гімназічны пляц» фактычна датычылася ўсёй плошчы, але магло таксама выкарыстоўвацца як азначэнне толькі заходняй яе часткі, прылягаючай да гімназічнага ансамбля.

Цікавым чынам выглядае архітэктурнае аблічча мястэчка ў мемуарах сучасніка тых падзей Леана Патоцкага. «Хто добра натросся і не раз выкуліўся на самых горшых дарогах у нашым краі, хто пазнаёміўся з мясцінамі, дзе развальваюцца дамы, якія так мала розняцца ад мужыцкіх халупаў, хто ў яўрэйскіх корчмах паспытаў холаду, голаду, бруду і невыгоды, той будзе вельмі здзіўлены, апынуўшыся на Свіслацкай зямлі. А едучы па роўным гасцінцы, абсаджаным дрэвамі, забяспечаным бар’ерамі, і ўязджаючы ў акуратна і прыгожа збудаваны горад, які ўтрымліваюць чыста і ахайна, забудзе на хвіліну, што знаходзіцца ў Польшчы і перанясецца ў думках на берагі Эльбы або Рэйна, калі, вандруючы, неаднаразова паўтараў, уздыхнуўшы: «Чаму ў нас не так, як тут?..» Вінцэнт Тышкевіч атрымаў Свіслач ад бацькі. Малы, бясформенны і брудны гарадок перабудаваў зусім нанова, заклаў галандскага кшталту парк, перарэзаў яго каналамі і заснаваў вялікі заасад. Застаўся толькі стары драўляны палац, адзіная пасля Крышпінаў спадчына, і на многа старэйшыя за яго ліпы, што, як кажуць, памятаюць лепшыя часы. У самай сярэдзіне горада быў квадратны рынак, аздоблены спічастаю пірамідаю, што завяршалася доўгім, пазалочаным шпілем. Вялі да яго з чатырох бакоў шырокія, пад шнур выцянутыя вуліцы, забудаваныя ладнымі дамамі, пакрытымі гонтай: Гродзенская, Рудаўская, Мсцібаўская, Брэсцкая і Варшаўская. Вуліца Гродзенская і рынак заселены былі яўрэямі, Варшаўская – татарамі, якія займаліся вырабам скураў, па іншых мясціліся студэнты, што хадзілі ў школы. У самым цэнтры рынка, паміж вуліцамі Мсцібаўскай і Рудаўскай, узносіўся вялікі прамавугольны гмах, вымураваны з каменя, з 48 склепамі або крамамі, прызначанымі для вальнага кірмашу, які штогод прыпадаў на жнівень. За крамамі – маленькая грэка-ўніяцкая царква. На самым рынку пяць пастаялых двароў: пад Арлом, Аленем, Валом, Аднарожцам і Лебедзем. У адным рагу аптэка, у другім кафенгаўз або шынок, салідны, з більярдам, для забавы прыезджых. Насупраць кафенгаўза распасціраўся вялікі пляц, на левым яго баку драўляны парафіяльны касцёл, з гадзіннікаваю вежаю. За ім гімназічныя гмахі, вымураваныя пасля смерці рэферэндарыя. На правым баку тэатр з маскараднай залаю, жыллё Яцка Крусіньскага, дырэктара гімназіі, пасля – стайні і вазоўні. За імі парк, які называлі публічным, з гушкалкамі, каруселлю і цірам. Ад самага канца пляца, паміж палацавым садам і звярынцам, у якім трымалі да ста ланяў і больш за дзесятак аленяў, да двара вяла алея, абсаджаная алешынай. Парк пачынаўся ад квадратнага става з акруглай выспай пасярэдзіне. Ён меў плошчу каля дзесятка марагоў. Ад яго ішло адгалінаванне да звярынца, праз якое трэба было праязджаць па развадным мосце. Далей рос бярозавы гаёк з абстрыжанымі верхавінамі дрэваў, каб відаць быў горад. За гайком – парк для шпацыру са стрыжанымі радамі і розных формаў заломамі, якія стваралі натуральныя ці, праўдзівей, ненатуральныя, бо зробленыя нажніцамі і майстэрствам, салоны, і кожны з іх з 4 кабінетамі па кутах. Парк той з пакалечанымі дрэвамі, пакрыты муравою, але без кветак, перарэзаны каналамі, што злучаліся з галоўным ставам, абдымалі сваімі рукамі дзве вуліцы старасвецкіх ліпаў, якія быццам літасціва глядзелі на гэта карлікавае пакаленне. Парк канчаўся драўляным будынкам, у якім размяшчалася аранжарэя і было некалькі пакояў для гасцей. Недалёка адсюль, над самым краем вады, узносілася цудоўная мураваная альтанка. Палацавы дзядзінец атачалі штыхеты, мураваныя ўступы. Не даязджаючы да яго – адміністрацыйны дом. Побач ішла дарога да гаспадарчых забудоваў. Сам палац стаяў бокам да парку. Некалькі аграмадных ліпаў аздаблялі яго дзядзінец. З тылу – велізарныя палі, якія не ахопіш вокам, аднастайнасць якіх перарываў у далечыні невялікі лісцевы лясок, які называлі Вішнеўцам. Пры ўездзе ў горад з кожнага боку – каменная брама, зверху скляпеністая, без варотаў, ці хутчэй праём для ўваходу. Ці не было гэта жаданнем адкрытага і гасціннага сэрца мясцовага ўладальніка, які кожнаму быў рады, кожнага прымаў аднолькава дабразычліва?

З успамінаў Патоцкага вынікае, што ў мястэчку мелася некалькі цэнтральных вуліц, якія сыходзіліся на Гімназічным пляцы. Дамінантай гэтай плошчы быў вялікі мураваны слуп пірамідальнай формы, атынкаваны набела і ўпрыгожаны пазалочаным шпілем. Вуліца Гродзенская адыходзіла ад плошчы ў паўночным напрамку і заканчвалася прылягаючым да яе гарадскім някропалем. Першыя могілкі, якія былі закладзены пры гэтай вуліцы ў 1782 г., былі каталіцкімі, а пазней знаходзіліся ў сумесным карыстанні каталікоў і праваслаўных. Гэты някропаль атрымаў назву «Старыя могілкі». 10 кастрычніка 1898 г. у канцы вуліцы Гродзенскай свіслацкім ксяндзом Канстанцінам Косцяй былі асвечаны новыя каталіцкія могілкі. Абодва някропалі функцыянуюць да сённяшняга часу. У 1805 г. на Старых могілках была збудавана і асвечана ксяндзом Канстанцінам Лапінскім невялікая капліца. Святыня ўяўляла сабою выкладзены цэглаю прамавугольны будынак з паўкруглым заканчэннем тыльнай, верагодна, алтарнай сцяны. Накрытае драўлянаю столлю памяшканне асвятлялася трыма невялікімі паўкруглымі вокнамі-вітражамі. Фундамент быў часткова каменным, часткова цагляным. Дах пакрываўся дахоўкаю і меў на фасадзе жалезны крыж. Верагодна, што капліца першапачаткова праектавалася як пахавальная крыпта, па-колькі пад ёю знаходзіўся даступны з вуліцы склеп з шэрагам зацягнутых кратамі ваконцаў. У 1828 г. у крыпце быў змешчаны прах Юзэфы з Салагубаў Тышкевіч – апошняй жонкі ўладальніка мятэчка Т. Тышкевіча, маці вядомага мемуарыста Л. Патоцкага. У 1834 г. стан капліцы акрэсліваўся як «добры». Верагодна, што падобны стан капліцы захоўваўся напрацягу ўсяго ХІХ ст., паколькі нават на выяве капліцы з 30-х гг. ХХ ст. аўтарства В. Карпызы святыня захавала свой аўтэнтычны выгляд.

Пад прамым вуглом да вуліцы Гродзенскай ад плошчы ў заходнім напрамку адыходзіла вуліца Варшаўская. Яшчэ ў пачатку ХІХ ст. на гэтай вуліцы жылі татары, якія займаліся гарбарным рамяством. Аднак традыцыйна сектар местачковай забудовы паміж вуліцамі Гродзенскай і Варшаўскай лічыўся яўрэйскім раёнам. Нягледзячы на тое, што ў Расійскай імперыі не існавала якіх-небудзь спецыяльных абмежаванняў для рассялення яўрэяў у рамках горада ці мястэчка, яны сяліліся пераважна кампактна асобнай вуліцай ці цэлым гета. У гэтым сектары, побач з жылой забудовай, размяшчаўся т. зв. «сінагагальны дворык», які на пачатку ХІХ ст. меў 1 сінагогу і 3 малітоўныя дамы, а на канец ХІХ ст. складаўся з 1 мураванай і 2 драўляных сінагог. Тут існавала сапраўдная сетка тагачаснай яўрэйскай інфраструктуры: шэраг крамаў, 3 талмуд-торы і 2 хедэры, бальніца, лазня і г. д.

Архітэктура і тапаграфія мястэчка Свіслач у ХІХ ст.Паралельна вуліцы Варшаўскай цягнулася вуліца Дворная. Яна вяла ад Гімназічнага пляца непасрэдна да палаца Тышкевічаў. Па сутнасці, гэта была вялікая алея, абсаджаная алешынамі. Па баках гэтай алеі знаходзіліся будынкі пераважна грамадскага прызначэння (гімназія, тэатр, стайні, вазоўні), якія паступова пераходзілі ў жылую забудову. Дворная таксама размяжоўвала парк са звярынцам, трапіць у які магчыма было па спецыяльным развадным мосце. Спецыяльны будынак для тэатра быў узведзены ў пачатку 1800-х гг. Ён уяўляў сабой аднапавярховае драўлянае збудаванне пад гонтавым дахам. У ім знаходзілася вялікая тэатральная (212 кв. м) і дзве танцавальныя залы (па 83,5 кв. м), чатыры артыстычныя прыбіральні, агульная прыхожая, кухня. Будынак праіснаваў да 20-х гг. ХХ ст. Сваю непасрэдную функцыю будынак выконваў толькі падчас штогадовых кірмашоў. Даследванню праблемы пабудовы тут мураванага гімназічнага комплекса прысвяцілі свае артыкулы К. Квітніцкая і І. Трусаў. Гімназічны комплекс, складаючыся з чатырох карпусоў, быў збудаваны ў 1821–1828 гг. І. Трусаў называе ў якасці галоўнага архітэктара Я. Шантара, а К. Квітніцкая схіляецца да думкі, што аўтарам праекту мог быць К. Падчашынскі. Мураваны будынак гімназіі знаходзіўся насурпаць будынка тэатра.

Вуліца Брэсцкая была шырэйшая за астатнія і ўяўляла сабою працяг Гродзенскай вуліцы ў паўднёвым напрамку. Гэтую вуліцу на адным са сваіх малюнкаў адлюстраваў Напалеон Орда ў 1868 г. Гэты ж мастак захаваў для нас надзвычай прыгожую і шырокавядомую па паштоўках міжваеннай Польшчы выяву касцёла Святой Тройцы ў Свіслачы. Першая згадка каталіцкага храма ў Свіслачы датычыцца XV ст. Касцёл знаходзіўся на рагу вуліц Дворнай і Брэсцкай. Адразу за касцёлам, у бок вуліцы Дворнай, знаходзілася высокая вежа званніцы; за званніцай – гімназічныя гмахі. А. Мялешка піша, што даўжыня будынка складала 27 метраў, а шырыня – 13. Над ім узвышалася высокая вежа, на якой яшчэ ў пачатку ХІХ ст. стаяў вежавы гадзіннік, а ў 12 гадзін дня паліла гармата. Даследчыца В. Князева падае, што ў пачатку ХІХ ст. вакол касцёла знаходзіліся агароджаныя плотам могілкі. Дакументы сапраўды пацвярджаюць гэты факт і падаюць, што касцёльны некропаль меў форму ромба. Дэтальнае даследаванне гісторыі і мастацкай праблематыкі гэтага касцёла правёў даследчык М. Зглінскі.

(Працяг будзе)

С. РАМАНАЎ,

студэнт ГрДзУ імя Янкі Купалы.

На снимках: вуліца Брэсцкая з рысунка Н. Орды 1868 г.; капліца Анёлаў Ахоўнікаў.

Предыдущая статья

Примите наши поздравления!