banner

Януарый Сухадольскі – акадэмік баталічнага жывапісу

04 Августа’17
1899

Януарый Сухадольскі – акадэмік баталічнага жывапісу

 

Свіслацкая зямля багатая на таленавітых людзей. Асабліва многа іх сярод выпускнікоў знакамітай Свіслацкай губернскай гімназіі. Мастак, кампазітар і музыкант Напалеон Орда, пісьменнік Юзаф Крашэўскі, палітычныя дзеячы і паўстанцы Віктар Гельтман, Рамуальд Траўгут, Кастусь Каліноўскі... У гэтай плеядзе і Януарый Сухадольскі, які праславіўся на ўвесь свет. 

 

Януарый (Ян) Сухадольскі нарадзіўся ў 1797 годзе ў Гродне. Адукацыю атрымаў у кадэцкім корпусе, браў урокі архітэктуры і жывапісу з самага дзяцінства.


У 1810 годзе Януарый уступіў у войска Вялікага герцагства Варшаўскага, якое стваралася французамі. Прымаў удзел у Рускай кампаніі на баку Напалеона і ўцёках з-пад Масквы (пасля ён прысвяціў некалькі карцін гэтым падзеям), а таксама ў Саксонскай кампаніі Вялікай арміі Банапарта.


Скончыўшы службу, Сухадольскі прысвяціў увесь свой час справе, якую лічыў галоўнай у сваім жыцці – жывапісу. Спачатку ён толькі капіраваў карціны Вернэ, але потым пачаў пісаць і свае. Атрымаўшы рэкамендацыйныя лісты ад сваякоў Напалеона, пачаў выстаўляцца. І што гэта былі за палотны! Калі расійскі імператар Мікалай I убачыў адно з іх – «Смерць Уладзіслава пад Варнай», ён у захапленні падарыў мастаку каштоўную табакерку.


Як і ў многіх выпускнікоў гімназіі, рэвалюцыйныя ноткі ў крыві Сухадольскага таксама прысутнічалі. У часы паўстання 1830–1831 гг. Януарый апынуўся ў самым цэнтры дзеянняў (пазней сын мастака сядзеў у турме за аказанне дапамогі паўстанцам 1863 года). Аднак лёс быў да Януарыя Сухадольскага больш літасцівы, чым да яго братоў: Райнольд загінуў, Валянцін памёр у галечы, а Яцэк, апынуўшыся ў рускім палоне, страціў розум. Пасля разгрому паўстання Януарый застаўся ў Польшчы і нават атрымаў стыпендыю па жывапісу ад рускіх уладаў.


Наш зямляк не меў спецыяльнай адукацыі мастака, аднак у 1935 годзе паехаў у Рым, дзе яму даваў урокі сам Вернэ. Вялікую папулярнасць Сухадольскі атрымаў дзякуючы сваім батальным палотнам, прысвечаным напалеонаўскім войнам. А за карціну «Штурм крэпасці Ахалцых 15 жніўня 1828 года» па ўказанні Мікалая I яму прысвоілі званне акадэміка баталічнага жывапісу. Расійскі цар, задаволены яго карцінамі, падарыў яму пярсцёнак з дыяментам і папрасіў напісаць карціну ў гонар падаўлення шляхецкага паўстання, але Сухадольскі адмовіўся – да канца жыцця ён заставаўся сынам сваёй зямлі.


Януарый Сухадольскі напісаў яшчэ шмат карцін, якія ўвайшлі ў сусветную скарбніцу мастацтва, заснаваў «Таварыства заахвочвання мастацтваў у Варшаве». Але пачынаў свой шлях у жыццё ён тут, у Беларусі, у Свіслацкай гімназіі, дзе, напэўна, яшчэ нават не думаў, што праславіць яе не толькі на Радзіме.

 

Ганна ВАРОНКА,
студэнтка 1 курса Інстытута журналістыкі БДУ.

Предыдущая статья

У Надежды – свой компас земной