banner

Поразаўскае трыо

07 Декабря’15
2139

Поразаўскае трыоНа раённым радыё Свіслач прадаўжаюць гучаць маладыя галасы школьнікаў. Серыя апошніх радыёпраграм выйшла з удзелам вучняў Дабравольскага ДзС СШ, гімназіі № 1 імя К. Каліноўскага г. Свіслачы і Поразаўскай СШ. Вельмі прыемна, што ў кругавароце школьных спраў і клопатаў вучні і іх педагогі знаходзяць час, каб падрыхтавацца да запісу і парадаваць слухачоў. З кожным разам эфір са школьнікамі становіцца больш цікавым і разнапланавым. Юныя дыктары не проста дзеляцца са слухачом школьнымі навінамі, а напаўняюць запісы творчымі выступленнямі: чытаюць вершы, сачыненні, оды.
Апошняя сустрэча ў нас адбылася з дзесяцікласнікамі Поразаўскай СШ Кацярынай Спарнюк, Паўлам Бялавам і Янай Якіменка. Вучні падзяліліся самымі папулярнымі падзеямі са школьнага жыцця, расказалі пра свае дасягненні, аб таленавітых выпускніках школы, запрасілі на святкаванне юбілею ўстановы. У эфіры таксама прагучаў верш Лізы Балюк “Я падару сваёй Радзіме…”, які яна напісала, рыхтуючыся да паэтычнага конкурсу “Расцём патрыётамі”. Хоць верш прачытала не сама аўтарка, слухачы ўсё ж змаглі адчуць, наколькі Лізу вабяць родныя мясціны, дзе ёй заўсёды рады блізкія і дарагія сэрцу людзі.
Паслухаўшы перадачу з удзелам паразаўчан, можна даведацца, што школьны музей, які раней прысвячаўся землякам-ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, зараз пашырае сваю дзейнасць. Сёння тут вядзецца работа па аднаўленні новага ваеннага раздзела на афганскую тэматыку, паколькі 12 выпускнікоў школы выконвалі свой грамадзянскі доўг у далёкім Афганістане.
Вось такое цікавае і насычанае школьнае жыццё ў поразаўскіх вучняў. Уключыцца ў творчае супрацоўніцтва з намі мы прапануем кожнай установе адукацыі. Нагадаем, што запісы апошніх радыёперадач можна паслухаць на сайце “Свіслацкай газеты” svisgaz.by у рубрыцы “Раённае радыё”.

 

Алена КЕДЗІК.

Фото Григория ШИРЯЕВА.

Предыдущая статья

Добрага кораня – добры парастак