banner

Праводзіны восені

08 Декабря’16
1940

Праводзіны восені 

 

Аматарскаму аб’яднанню «Сельчанка», што працуе ў сектары культуры і вольнага часу аг. Грынкі, ўсяго два гады.

 

Сюды збіраюцца, каб бавіць свой вольны час у асноўным жанчыны «залатога» ўзросту. Але гледзячы на іх гэтага не скажаш. Бо кожнае пасяджэнне атрымоўваецца яркім і відовішчным, дзякуючы фантазіі і творчай ініцыятыве кожнай з іх. Кулінарнае шоу «Масленіца», святочная праграма «Паклон табе, Яблычны спас», «Капустный бал», «Гарбузовы разгуляй», паэтычныя сустрэчы з Наталляй Цяцерыч і Іванам Ламашкевічам – гэта далёка не ўсё, чым займаюцца грынкаўскія гаспадыні. І амаль заўсёды на свята з’язджаюцца госці з навакольных вёсак і клубаў, таму і пануе тут атмасфера сяброўства і весялосці.


Так і на гэты раз. Да конкурснай праграмы «Каралева восені» рыхтаваліся восем удзельніц. Кожная прадстала перад журы і гледачамі ў вобразе гародніны ці садавіны. Надзея Мацюк – сакавіты Яблык, Ніна Дзідзенка – востранькі Перчык, Раіса Сухоцкая – вітамінная Морквачка, Алена Пічкоўская – вясёлы генерал Маркофф, Кацярына Чурак – ружовашчокі Бурачок, Святлана Гінч – любімая ўсімі спадарыня Бульба, Алена Варабей – хрумсткі Агурок, Марыя Казлоўская – паважная Капустачка. У кожнай быў касцюм на заглядзенне, і з вобразу ніхто не выходзіў на працягу ўсёй конкурснай праграмы.


У другім конкурсе – «Восеньскі вянок» – гаспадынькі фантазіравалі над стварэннем пано з рознага прыроднага матэрыялу: «Осенняя симфония», «Золотая осень», «Калина красная – поздняя любовь», «Осенняя радуга».


А колькі цудоўных паэтычных радкоў было прачытана і прыдумана падчас паэтычнага конкурсу! У кулінарным конкурсе на першым плане была карыснасць і вітаміннасць прыгатаваных страў.


Яркім фіналам стаў танцавальны конкурс. Як зазначыла вядучая, ёсць прымаўка ў Грынках: не натанцаваўся – значыць не было свята. З якім запалам кожная з удзельніц прасаліравала ў любімай намі полечцы! Так танцавалі, што пазбівалі ўсе абцасы.


Добры настрой святу надавалі песні ў выкананні нашых сяброў – удзельнікаў мастацкай самадзейнасці з Дабраволі: Ірыны Янушкевіч, Ядвігі Васіленкі, Валянціны Янкоўскай і Людмілы Васіленкі.


Апошні акорд свята ў восеньскую нядзельку – падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне пераможцаў. «Каралевай восені» была абрана Марыя Казлоўская. Дарэчы, на днях Максімаўна адзначыла сваё 70-годдзе. Мы шчыра віншуем яе з юбілеем.


Усе ўдзельнікі свята атрымалі ад арганізатараў сувеніры, а мы – гледачы – асалоду ад цудоўнай тэатралізаванай падзеі. Свята атрымалася добрым!

 

Марыя САМАЛЕВІЧ.

Предыдущая статья

Культурный марафон