banner

Віват, КНІГА!

25 Июня’16
3078

Віват, КНІГА!У нашым горадзе ўпершыню прайшоў раённы кніжны фестываль «Кніга і час». Ініцыятарам яго правядзення стала Свіслацкая раённая бібліятэка на чале з дырэктарам Святланай Піваварчык. Усё задуманае атрымалася: на працягу фестывалю гасцей не пакідала пачуццё ўрачыстага свята, цёплай сустрэчы і інтэлектуальнага абагачэння.

 

Заслона падымаецца…

 

«19 чэрвеня бібліятэка не працуе. У гэты дзень мы знаходзімся на фестывалі кнігі. Запрашаем на свята і вас», – такую аб’яву ў мінулую суботу пакінулі сваім чытачам работнікі дзіцячай бібліятэкі. Сапраўды, у нядзелю ўсе дарогі аматараў кнігі – і дзіцячай, і дарослай – вялі на адкрытую пляцоўку ля раённай бібліятэкі, дзе ладзілася свята. На фестываль сабраўся рознаўзроставы глядач. Ганаровымі ж яго гасцямі сталі намеснік старшыні райвыканкама І. І. Варанец, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама І. Э. Паўлючэня, галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама І. П. Машканцава, дырэктар Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Яфіма Карскага Л. В. Мальцава, галоўны рэдактар дзіцячага часопіса «Вясёлка» У. С. Ліпскі, намеснік галоўнага рэдактара часопіса сатыры і гумару «Вожык» А. П. Каршакевіч, а таксама прадстаўнiкi выдавецтва «Пачатковая школа», мясцовыя паэты І. К. Ламашкевіч і А. І. Дубатоўка. Яны, прыветліва запрошаныя да мікрафона вядучымі Тамарай Янцэвіч і Уладзіславам Торапавым, мелі што сказаць, бо кожны з іх сябруе з кнігай і друкаваным словам.


Галоўнымі героямі ўрачыстага адкрыцця фестывалю былі добра вядомыя ўсім персанажы кніг. Гэта Карлсан, Нязнайка, Бураціна, Мальвіна, Кот Базіліо і Ліса Аліса, Чырвоная Шапачка, Баба-яга, Пэпі Доўгаяпанчоха і іншыя. «Чытайце, людзі, казку, і лягчэй будзе жыць на свеце!» – заклікалі яны. Не абышлося свята і без віноўніцы ўрачыстасці – спадарыні Кнігі. Яна ганарова выйшла на летнюю сцэну, дэманструючы сваю прастату і каштоўнасць. За сваю апошнюю якасць гераіня дня ледзьве не трапіла ў рукі вядомых махляроў Лісы Алісы і Ката Базіліо (гэта перад гледачамі з’явіліся акцёры народнага тэатра «Памфлет»). Але ўсё, як у казцы, мела добрую канцоўку.

Што напісана пяром...


Атрымаўшы асалоду ад гэтага дзейства, можна было адправіцца ў падарожжа па арганізаваным выставам. Так, менавіта падарожжа, бо якіх толькі дзівосаў там не было, і як вынік – адкрыць для сябе шмат новага.


Прыпынак першы. Шматлюдна было ля выставы-продажу РУП «Выдавецтва «Пачатковая школа». Тут можна было азнаёміцца з навінкамі і набыць неабходныя для вучобы дапаможнікі. Літаратура для навучальнага працэсу па ўсім школьным прадметам, выданні патрыятычнай і выхаваўчай тэматыкі, мастацкая літаратура, перыёдыка – тут было ўсё. Прычым для спажыўцоў рознага ўзросту: і настаўнікаў, і школьнікаў, і дашкалят.


Тут жа была наладжана прэзентацыя дзіцячага часопіса «Рюкзачок». А побач размясціў свае коміксы і карыкатуры часопіс «Вожык». Тут былі прадстаўлены і добрая сатыра Міколы Гіргеля, і падборка Сяргея Волкава «З «Вожыкам» па жыцці». А мастак-карыкатурыст Аляксандр Каршакевіч маляваў усім жадаючым партрэт. Не без жарту: «Зраблю вам шарж па-таварыску, але дабаўлю і… падпіску».


Прыпынак другі. Сельскі філіял Дом раместваў в. Сакольнікі сумесна з аддзелам рамёстваў і традыцыйнай культуры раённага цэнтра культуры і народнай творчасці падрыхтавалі выставу-продаж сувеніраў. Тут можна было набыць араматычную цацку з водарам кавы (з такой, мабыць, добра прачынацца раніцай), а таксама цацку, выкананую ў тэхніцы амігурумі, вырабы з газетнай трубачкі, тэкстылю і іншае.


Прыпынак трэці. Звярнуць увагу на духоўную каштоўнасць кнігі запрашалі бібліятэкары. Біблейская тэматыка была прадстаўлена ў выставе бібліятэкі царквы Узвіжання Крыжа Гасподня г. Свіслачы. Кнігі такога зместу прапаноўвала і Навадворская бібліятэка – цэнтр краязнаўства. Яе загадчыца Ганна Ганчарэвіч з гонарам прэзентавала «Псалтирь Давида царя», які падарыў бібліятэцы навадворскі святар Анатоль Каляда. Увогуле, фонд бібліятэкі за апошні час актыўна папоўніўся літаратурай царкоўнага зместу, у тым ліку і маляўнічымі выданнямі для дзяцей.


Поразаўская бібліятэка – цэнтр краязнаўства прапанавала кнігі краязнаўчай тэматыкі. На выставе былі сабраны легенды, паданні, выданні па гісторыі поразаўскага краю. У іх – звесткі пра ваенныя гады і сучаснасць, знакамітых землякоў, помнікі архітэктуры, ну і, вядома, усё пра ганчарства, буйным цэнтрам якога была Поразаўшчына ў канцы XIX – пачатку XX стагоддзя.


У Ханявіцкай бібліятэцы – цэнтры краязнаўства карыстаецца попытам літаратура ваеннай тэматыкі: і дакументальная, і мастацкая. Побач з кнігамі на выставе былі размешчаны і прадметы часоў Вялікай Айчыннай вайны (экспанаты прадстаўлены Ханявіцкім ДС СШ).


Бібліятэкар з Грынок Жанна Філіновіч магла расказаць шмат цікавага пра беларускі фальклор, у які быццам упісана душа народа. Найбольш дарагія яе сэрцу – народныя песні жыхароў вёскі Грынкі.


– Вельмі жыватворная выстава, – падзялілася пачуццямі Жанна Міхайлаўна. – Прыемна, што людзі звяртаюць увагу, цікавяцца…


Свой падыход да кнігі ў Корнадзьскай бібліятэкі – цэнтра эстэтычнага выхавання. Бібліятэкар Галіна Ганчарэвіч дэманстравала выданні, што апавядаюць пра свет велічнага мастацтва: музеі, тэатры, кіно, музыку, архітэктуру, скульптуру і жывапіс.

 

Вердаміцкая бібліятэка нагадала цікаўным чытачам пра пісьменнікаў-юбіляраў. Гэты год, адзначыла бібліятэкар Алена Дудак, багаты на юбілеі, прычым як беларускіх класікаў, так і мэтраў сусветнай літаратуры.


Аб накірунку сваёй дзейнасці наглядна расказалі на фестывалі інтэгрыраваная сельская бібліятэка Дабравольскага ДС СШ (рэлігіёзнае і духоўна-маральнае выхаванне моладзі) і Вердаміцкі інфармацыйна-бібліятэчны цэнтр (рэкламаванне літаратурных тэм і датаў з дапамогай брашураў, лістовак і буклетаў).

 

Дзіва дзіўнае


Выстава адной кнігі, заяўленая ў праграме фестывалю, была прадстаўлена фотаальбомам «Зямля сілы: Белавежская пушча». Ён быў выдадзены ў 2009 годзе да 600-годдзя ўстанаўлення запаведнага рэжыму ў пушчы. Унікальнасць гэтай кнігі ў тым, што яна ўпершыню пад адной вокладкай сабрала вялікую колькасць самага рознага матэрыялу пра старажытны лес.


Сапраўднымі шэдэўрамі можна назваць размешчаныя тут жа самаробныя кнігі. Гэта ўдзельнікі абласнога конкурсу «На лепшую самаробную кнігу», што праходзіў у мінулым годзе. Сярод іх – і драўляная кніга вершаў, выкананая Людмілай Шварак са Свіслачы.


Унікальны фестываль даў магчымасць дакрануцца і да ўнікальнай – рарытэтнай – кнігі. «Учебник по Алгебре» 1844 года... Збор твораў Мікалая Гогаля з яго ўласным подпісам... Арыгінальныя кнігі выпускніка Свіслацкай гімназіі Юзэфа Крашэўскага 1872 і 1876 гадоў... Проста да мурашоў па скуры...


На працягу свята працавалі кніжная крама, атракцыёны, гандлёвыя кропкі. Работнікі паштовай сувязі Марына Ганчарук і Таццяна Зубарава прымалі падпіску на любыя перыядычныя выданні. Весела было на дзіцячай пляцоўцы. Рабяты з ахвотай удзельнічалі ў конкурсах, віктарынах, казачным лато і гулялі ў «Поле цудаў»... Завяршыўся фестываль канцэртам народнага калектыву «Рукавички» народнай студыі «Истина» Гродзенскага раёна.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

І. І. Варанец, намеснік старшыні Свіслацкага райвыканкама:
– Гэтае цудоўнае свята праходзіць на Свіслаччыне ўпершыню. Яно прызвана падкрэсліць нязменную ролю кнігі ў жыцці кожнага чалавека і папулярызаваць кніжнае чытанне. Важна, каб кніга засталася галоўнай крыніцай ведаў, бо яе не заменіць нішто. Яна – важнейшае вынаходства чалавецтва. Нельга забываць вялікіх аўтараў і іх вечныя творы. Трэба ганарыцца класікамі роднай беларускай літаратуры.


А. П. Каршакевіч, намеснік галоўнага рэдактара часопіса сатыры і гумару «Вожык»:
– Я не пісьменнік, на жаль. Я мастак. Працую ў рэдакцыі часопіса «Вожык», якому ў гэтым годзе – 75. Выданне пачало выходзіць яшчэ ў часы Вялікай Айчыннай вайны як агітплакат «Раздавім фашысцкую гадзіну». Па-ранейшаму працягваем працаваць у накірунку жарта і гумару. Сёння цудоўнае свята. На душы весела. Весялосць дорыць і наш часопiс. Усміхайцеся разам з «Вожыкам»!


У. С. Ліпскі, галоўны рэдактар дзіцячага часопіса «Вясёлка», пісьменнік:
– Як бы не развіваўся свет, у якое б стагоддзе мы не ўвайшлі, нашы маленькія грамадзяне нязменна павінны навучыцца хадзіць, асвоіць азбуку і чытанне. Гэта галоўныя атрыбуты іх развіцця. Сёння беларускія дзеці маюць доступ да любой кнігі і багаты выбар перыядычных выданняў. Амаль 60 гадоў мы выпускаем для юнага чытача часопіс «Вясёлка». А са жніўня 2013 года выходзіць і дапаўненне да яго – часопіс для дашкольнікаў «Буся». Няхай жа нашы дзеці не стомяцца чытаць кніжкі! Жадаю не стаміцца і ўсім тым, хто вядзе малых у жыццё: мамам, бабулям, бібліятэкарам, выхавальнікам, настаўнікам...


Л. В. Мальцава, дырэктар ДУК «Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Яфіма Карскага»:
– Мне як чалавеку, які амаль сорак гадоў аддаў працы з кнігай, вельмі прыемна прысутнічаць на гэтым свяце. Радасна бачыць, як адносяцца да друкаванага слова на Свіслаччыне. Думаю, ваш фестываль эстафетай пройдзе па іншым раёнам вобласці. Дзякуй арганізатарам і ініцыятарам свята.


І. К. Ламашкевіч, мясцовы паэт:
– Калі я чую фразу «Кніга аджывае сваё», не веру, не згаджаюся. Упэўнены, што ніякі інтэрнэт яе не заменіць. Ды і задумайцеся: той, хто стварыў сусветную павуціну, таксама калісьці пачынаў з кнігі. Хачу выказаць словы падзякі наладжвальнікам гэтага свята.

  

Наталля ТУРКО.

Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.

Предыдущая статья

Не надейтесь на теплые зимы!