banner

Жыццёвыя каштоўнасці

02 Июня’21
1409
У жыцці кожнага чалавека на шляху сталення ўзнікаюць пытанні: «Што ў гэтым жыцці галоўнае і важнае? Што такое каштоўнасці жыцця?» Для кожнага яны свае. Немагчыма сказаць, што тое, што ўяўляе каштоўнасць у жыцці для аднаго, будзе гэтак жа расцэньвацца іншым чалавекам. І кожны, ідучы па сваім шляху, вызначае сам асноўныя мэты і мары.

Цяпер на прасторах інтэрнэту і ў рэальных размовах у звычайным жыцці можна прачытаць ці пачуць пра тое, што правільных і няправільных каштоўнасцей няма. Нібыта ўсё, што каштоўна для аднаго, можа быць абыякавым для іншага, а праўдзівасць таго ці іншага прыярытэту кожны вызначае для сябе сам. Я ж лічу, што такое меркаванне не зусім правільнае. Агульныя для ўсіх людзей каштоўнасці жыцця ўсё ж такі існуюць.

Па-першае, гэта чалавечыя адносіны. Адносіны людзей паміж сабой уяўляюць каштоўнасць. Бо без шчырых, душэўных і сяброўскіх зносін немагчыма прадставіць свае будні. Іншае пытанне заключаецца ў тым, наколькі праўдзівыя і чыстыя гэтыя адносіны. Але ў любым выпадку яны складаюць пэўную каштоўнасць у жыцці  кожнага чалавека.

Па-другое, вельмі важная жыццёвая каштоўнасць – гэта ўменне заставацца чалавекам, не гледзячы ні на што. Гэта азначае, што большасць людзей усё ж такі выбірае пазітыўны спосаб мыслення і аптымістычны погляд на жыццё. Жыць трэба старацца так, каб не было сорамна глядзець людзям у вочы.   А гэта значыць, не хлусіць, старацца не рабіць неабдуманых учынкаў.

На маю думку, ёсць яшчэ адна не менш важная жыццёвая каштоўнасць. Гэта ўменне кахаць і дараваць. Хіба каханне – гэта не тая сіла, якая здольна на многае? У каханні нараджаюцца сем’і і дзеці.  У каханні прыходзіць мара. Немагчыма ўявіць сабе шчаслівае і годнае жыццё без кахання.

Таму я лічу, што сям’я і сямейныя каштоўнасці – гэта важнейшы фундамент, на якім будуецца жыццё любога чалавека. Фарміраванне асобы пачынаецца менавіта ў сям’і: сямейныя каштоўнасці прывіваюць патрэбныя навыкі для гарманічнага развіцця цэласнай натуры.

Што важней за ўсё ў сям’і? Вельмі складана адназначна адказаць на гэта пытанне. Каханне? Узаемапаразуменне? Клопат і ўдзел? А можа, самаадданасць і працавітасць? Або строгае захаванне сямейных традыцый?

Сям’я і сямейныя каштоўнасці заўсёды непарыўна звязаны паміж сабой і адно без другога не існуюць. Калі сям’я адсутнічае, то сямейныя каштоўнасці аўтаматычна страчваюць сваё значэнне. 
На жаль, у наш складаны і супярэчлівы час такія каштоўнасці жыцця, як гонар і годнасць, наогул уласцівыя не кожнаму. Але ўсё ж такі людзі з такімі рысамі характару сустракаюцца. І гэта галоўнае. Без гонару і годных паводзін жыццё “праплыве” крыху не ў тым рэчышчы, не ў тым кірунку. Я думаю, што ва ўсе часы гонар, сумленнасць неабходны як чалавеку асабіста, так і грамадству ў цэлым.  Бо ўсім хочацца мець зносіны адкрыта, сумленна.

Кожны чалавек імкнецца, каб да яго ставіліся з павагай, пашанай, каб з ім былі шчырыя. А для гэтага ён павінен мець такую маральную якасць, як гонар. Я лічу, што гэтую рысу характару павінны выхоўваць з дзяцінства як бацькі, настаўнікі, так і сам чалавек. Бо як бы правільна не выхоўвалі чалавека, калі ён сам не будзе імкнуцца паступаць справядліва і сумленна, ніхто яму ў гэтым не зможа дапамагчы.
Мы жывём у незалежнай прававой дзяржаве. Не ўсё добра ў гэты перыяд нашага жыцця. Ёсць памылкі, ёсць і злачынствы. Але мне вельмі хочацца верыць і я веру, што з часам мы пераадолеем гэтыя негатыўныя з’явы, што такія жыццёвыя каштоўнасці, як гонар і сумленнасць, будуць на першым месцы для кожнага чалавека.  А сумленныя нашы справы будуць прыносіць радасць людзям.

Кожны чалавек сам выбірае, якія каштоўнасці яму важныя. Некаторым наогул падабаецца ці даводзіцца весці амаральны лад жыцця. У такіх людзей усе каштоўнасці жыцця сцёртыя і забытыя.  Але ж большасць людзей разумее і імкнецца ў сабе гэтыя каштоўнасці ўтрымаць, перадаць сваім дзецям і выхаваць з іх таксама годных людзей!  

Жанна ЖАЛОБА, навучэнка 9 класа Корнадзьскага ДС БШ

Предыдущая статья

На «Славянский базар в Витебске» прибудут представители более 30 стран. Мероприятия форума пройдут на земле, на воде и в небе