banner

Сіла беларусаў у адзінстве

09 Февраля’21
818

Беларусь – шматнацыянальная і шматканфесіянальная дзяржава. Так, яшчэ напрыканцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя на нашых землях жылі не толькі беларусы, але і кітайцы, карэйцы, манголы, рускія, татары, яўрэі, літоўцы, латышы, украінцы, французы, немцы, туркі. І ў той далёкі час людзі існавалі ў міры і згодзе, займаліся шматлікімі рамёствамі, дапамагалі адзін аднаму, ад душы працавалі, тварылі, плённа развіваючы традыцыі продкаў. Не сакрэт, што беларуская талерантнасць адшліфоўвалася стагоддзямі.

У наш час у Беларусі праходзяць шматлікія нацыянальныя і міжнацыянальныя фестывалі. Далёка ў свеце вядомы міжнародны фестываль “Славянскі базар у Віцебску”. У Гродне традыцыйна адбываецца Фестываль нацыянальных культур. Не могуць не хваляваць гледачоў выступы артыстаў Маладзечанскага квартэта “Краяны” ўкраінскай суполкі “Ватра”, танцавальных ансамбляў “Арыранг” Асацыяцыі беларускіх карэйцаў і армянскага “Эрэбуні”, спевакоў з Бабруйскага аб’яднання армян “Масіс”. Сябруюць ансамбль “Івянчанка”, што з Івянецкага аддзела Саюза палякаў на Беларусі, і Мінскае аб’яднанне ўкраінцаў “Обрій”.

З праектам “Беларусь шматнацыянальная”, што з 2012-га ладзіць апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, артысты пабывалі ў Літве і Латвіі, Эстоніі ды Фінляндыі, Аўстрыі і Малдове, Украіне і Славеніі. Летась выступалі і ў польскіх Кракаве ды Бельску-Падляскім, наведалі Варшаву і невялікія “мясты” Беласточчыны: Семятычы і Стары Двор.

Гэтыя форумы і мерапрыемствы красамоўна сведчаць, што народнае адзінства – гэта вечная каштоўнасць, за якую ва ўсе часы лепшыя сыны і дочкі Бацькаўшчыны аддавалі свае жыцці.

Я ганаруся тым, што савецкі народ быў адзіным народам. Асабліва гэта праявілася ў тыя крывавыя 1418 дзён і начэй Вялікай Айчыннай. Інакш мы бы проста не выстаялі, не перамаглі. Людзі павінны быць напоўнены і сёння рашучасцю змагацца за шчаслівы лёс Беларусі. Трэба помніць і тое, што збачэнцаў, здраднікаў, ворагаў ва ўсе часы нацыянальнай гісторыі было нямала.

Мяне як грамадзяніна Рэспублікі Беларусь надзвычай усхвалявала, што 2021-шы пройдзе як Год народнага адзінства. Гэта вельмі важна, бо сёння многіх людзей апанавалі абыякавасць, апатыя, некаторыя нават суседзяў не ведаюць, як завуць, не кажучы ўжо пра прыязныя, добразычлівыя адносіны. А суседзі павінны жыць па-суседску, дарыць раніцой кожнаму ўсмешку, радасць.

Аднак, на жаль, людзі раз’ядналіся, сваякі нярэдка становяцца далёкімі, а на чужых людзей глядзяць як на канкурэнтаў, што ў любую хвіліну могуць казу падлажыць… Многія занялі агідную пазіцыю – мая хата з краю, нічога не ведаю, у мяне ўсё добра, а да астатніх мне справы няма.

Каб гэты год стаў сапраўды народным, напоўніўся значным сэнсам, людзям трэба спакойна, без прапагандысцкага запалу, не дзеля галачкі перш за ўсё расказваць, што ж такое народнае адзінства, у чым яго сутнасць і каштоўнасць. Чаму ў нас некаторыя сталі адшчапенцамі, пачалі выходзіць на вуліцы з пратэстнымі настроямі, не спытаўшы дазволу ў гэтага самага народа, за правы якога яны нібы змагаюцца.

А да народа, да грамадзян, да людзей трэба ставіцца беражна і далікатна. Добразычліва, ветліва. А мы нават з суседзямі не хочам вітацца раніцой, адварочваемся ад іх, не заўважаем. Ні ў якім разе нельга выклікаць негатыўную рэакцыю.

Сёння мы павінны актыўна адраджаць добрыя, прыязныя адносіны адзін да аднаго, тое, што было ўласціва нашым прадзядулям і прабабулям. Што было ўласціва ўсяму беларускаму народу цалкам. Канешне, змянілся многія рэаліі, дасягнуць ідэальных адносін цяжка і нярэдка нават немагчыма. Аднак гэта не значыць, што мы не павінны нічога не рабіць, быць пасіўнымі сузіральнікамі грамадскага жыцця. Мы павінны імкнуцца да ідэалу, да лепшых адносін, добрых стаўленняў. Помніце ў класіка – чалавек чалавеку сябра. А не вораг! А сёння часта такія “сябры”, што і ворагаў не трэба…

Канешне, наша краіна ў мінулым перацярпела безліч трагедый як на ўзроўні асобы, асобна ўзятай сям’і, так і на ўзроўні нацыі. Шмат лепшых людзей было рэпрэсавана, выслана, расстраляна. Сапраўдных хлебаробаў прызнавалі кулакамі. І сёння адгалоскі страшнага мінулага яшчэ чуваць, яны ўрэзаліся ў памяць нашых продкаў, накладваюць адбітак на сучасную грамадскую свядомасць.

У Год народнага адзінства мы павінны прызнаць свае памылкі. Нельга жыць, падзяляючы людзей на сваіх і чужых па нацыянальных, партыйных ці нейкіх іншых прынцыпах. Нельга ісці да далейшага сацыяльнага расслаення грамадства.

Пытанне адзінства для нас мае каласальнае значэнне. У нас проста няма іншага выбару: для таго каб захаваць краіну, пра што пастаянна і клапоціцца Прэзідэнт, мы павінны захоўваць не толькі гістарычнае, але і духоўнае адзінства. Зможам захаваць адзінства – зможам эфектыўна развівацца заўтра.

Канстанцін КАРНЯЛЮК

Предыдущая статья

Строительство жилья и развитие бизнеса. Прямую телефонную линию провел помощник Президента – инспектор по Гродненской области Юрий Караев