banner

Свіслацкі стыль – народны тэкстыль

25 Октября’21
1042
Па-сапраўднаму знакавая падзея ў культурным жыцці нашага раёна адбылася ў кастрычніку – аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры прэзентаваў калекцыю рэканструяванага свіслацкага строю. Дзякуючы шматгадовай скрупулёзнай працы майстроў сёння ў нас з вамі з’явілася магчымасць даведацца, як выглядалі нашы продкі ў канцы ХІХ – першай палове ХХ стагоддзя.

“Рэканструкцыя касцюмаў – гэта ўнікальны вопыт, які дазваляе пранікнуць у глыбіню нашай багатай гісторыі, вучыць разумець продкаў. За кроем, шыццём, вышыўкай ты пачынаеш думаць як яны, пражываеш непаўторныя моманты, якія былі звычайнымі і паўсядзённымі для нашых прабабуль. І гэта пачуццё хочацца затрымаць у сабе. Разумееш: раней у такой вопратцы ўсе хадзілі: і пралі, і ткалі, і шылі. Гэта зараз – купіў гатовае, надзеў і пайшоў. А зрабіць самому – такая праца! Памятаеш: тое, што стваралі талент і працавітасць продкаў, – наша спадчына, у ёй нацыянальнае аблічча беларуса, яго душа, светапогляд, імкненні. І мы павінны гэты скарб шанаваць і памнажаць”, – гаворыць загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Аксана Васілька.


Мясцовы строй дэманструюць Маргарыта Харчанка, Віктар Барэль і Аксана Васілька

Прадстаўленая майстрамі калекцыя – гэта копіі мясцовых народных касцюмаў святочнага ўжытку. Іх стварэнне – працэс працаёмкі. Перш чым прыступіць да іх пашыву, трэба было перачытаць нямала літаратуры, мець эскіз, каб усё глядзелася арганічна і цэласна, знайсці патрэбны для работы матэрыял, так званы народны тэкстыль… Калі імкнешся быць як мага бліжэй да арыгіналу, значэнне мае кожная дэталь.

Дык як жа апраналіся нашы продкі ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя? Што гавораць правадыры ў свет тагачаснай моды?

Аснову свіслацкага традыцыйнага жаночага касцюма таго часу складалі кашуля, спадніца, фартух і чапец – галаўны ўбор.

Кашулі шылі часцей з ільнянога кужальнага белага палатна, рабіліся яны са “зморшчынамі” – тканіна каля вората дробна сабрана. Прышывалі каўнер-стойку, не забываліся пра дэкаратыўныя нашыўкі спераду. Святочная кашуля абавязкова аздаблялася вышытым арнаментам. І бралі для гэтага ніткі не інакш як чырвонага і чорнага колераў. Крыху пазней часткай святочнага касцюма сталі блузкі, для пашыву якіх выкарыстоўваліся разнастайныя тканіны фабрычнай вытворчасці. Традыцыйна такая рэч аздаблялася вышыўкай.

Спадніцы шылі з трапецавідных кліноў і складак, колькасць якіх вагалася ад чатырох да дванаццаці. Бытаваў у той перыяд і андарак – спадніца з саматканай шарсцяной тканіны, шытая ў кругавую ў тры-чатыры полкі (полка – асобны прамавугольны кавалак тканіны, дэталь крою андарака). Сшытыя полкі на поясе збіраліся ў вельмі дробныя складкі, пакідаючы частку пярэдняй полкі, якая часта была закрыта фартухом, без зборак. З левага боку полкі сшывалі часткова, каб андарак можна было лёгка надзець. Верхні сабраны край апрацоўвалі двума спосабамі: абшывалі вузкай палоскай тканіны ці рабілі нешырокі прышыўны пояс. Даўжыня андаракаў – 85–90 см, шырыня па ніжнім краі – 140–160 см. Па малюнку тканіны сустракаліся андаракі аднатонныя (гэта калі яшчэ не былі распаўсюджаны фарбавальнікі, якія дазвалялі атрымаць ніткі яркіх, насычаных колераў), пазней – у клетку, у рознакаляровыя паскі (палоскі). Асноўным колерам андаракаў на Свіслаччыне быў чырвоны і яго адценні. 

У склад жаночага касцюма ўваходзіў і фартух са зборкамі, упрыгожаны вышыўкай. Адметнасць тэрыторыі нашага раёна – аднаполкавыя фартухі са скругленым ніжнім краем і кругавой фальбонай. Іх так і называлі – “круглыя фартухі”.

Замужнім жанчынам не дазвалялася па-за межамі хаты паказвацца з непакрытай галавой. “Засвяціць” валасы лічылася не толькі сорамам, а і вялікім грахом. Таму абавязкова насілі чапцы. Пярэдняя частка чапца шчыльна ахоплівала галаву, задняя, сабраная ў складкі, стварала значны аб’ём. Чапец насілі так, што з-пад яго спераду былі бачныя валасы (“на тры пальцы”). Даўжэй за ўсё на Гродзеншчыне (да 1970-х гадоў!) існаваў чапец у нашым Новым Двары. Тут ён замацаваўся як рытуальны галаўны ўбор каравайніцы на вяселлі. Яго дапаўняў вянок. Пазней чапцы былі заменены разнастайнымі хусткамі. У залежнасці ад памеру хусткі завязвалі па-рознаму: пад падбародкам, канцамі вакол шыі, накідвалі на плечы, на галаву. У абіходзе былі вялікія хусткі-“ахінанкі” з кутасамі. Вялікая цёплая хустка тады замяняла ў халоднае надвор’е ўцепленае адзенне і была проста неабходнай часткай гардэроба любой жанчыны. З канца ХІХ стагоддзя ўсе разнастайныя святочныя хусткі былі фабрычнай вытворчасці: паркалёвыя з набіўным арнаментам, з тонкага батысту, ваўняныя ці паўваўняныя з доўгімі махрамі, шоўкавыя... Якасць матэрыялу, памер і аздабленне хустак залежалі ад іх прызначэння і заможнасці гаспадыні. Маеш грошы – шоўк носіш, а не – паркаль.


Традыцыі – у кожнай дэталі

Адноўлены мужчынскі касцюм прадстаўлены кашуляй, вырабленай з ільняной тканіны, нагавіцамі, поясам і капелюшом. У сярэдзіне ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя, расказваюць майстры, яшчэ захоўваўся традыцыйны тунікападобны крой мужчынскай кашулі, калі суцэльны кавалак палатна на плячах перагібалі папалам, пасярэдзіне рабілі адтуліну для галавы і разрэз пазухі, а па аснове прышывалі рукавы. Адметнасць такога святочнага адзення стварае зноў жа вышыўка чырвона-чорным крыжыкам, якая ўпрыгожвае каўнер і манжэты рукавоў. Нагавіцы шыліся прамыя, з грубага льнянога палатна, даматканага сукна. Самым важным дэкаратыўным элементам мужчынскага касцюма з даўніх часоў быў пояс, які лічыўся і адным з моцных абярэгаў. А асноўным галаўным уборам мужчыны быў саламяны капялюш. Галаўныя ўборы наогул займалі важнае месца ў мужчынскім комплексе адзення, паколькі заўсёды завяршалі касцюм і былі адзнакай сацыяльнага статусу, прафесійнай, этнічнай, узроставай прыналежнасці. Чалавек без галаўнога ўбору на вуліцы ўспрымаўся звычайна як бедны, хворы ці пагарэлец.

І напрыканцы. Любую вопратку трэба ўмець насіць. Гэта тычыцца і народнага касцюма. Існуюць пэўныя правілы, якія варта ўлічваць, калі хочаш быць апранутым у адпаведнасці з народнай традыцыяй, падкрэсліваюць рамеснікі. Кашуля – жаночая і мужчынская – носіцца зашпіленай і на шыі, і на руках. Расшпільвалі яе толькі падчас цяжкай фізічнай працы (вядома, паўсядзённую вопратку, святочная даставалася з камода не для працы!) або моцнай спёкі. Мужчына падпаясваецца абавязкова. Пры гэтым канцы пояса павінны звісаць прыкладна аднолькава па даўжыні. Спадніца ў жанчын павінна добра сядзець на стане. І яна, і фартух “прыбудоўваюцца ў адну лінію”. Прычым спадніца павінна быць даўжэйшай за фартух, хаця б на некалькі сантыметраў. І апошняе: мужчынскі або жаночы строй лічыцца поўным тады, калі ўключае ў сябе галаўны ўбор.

Работу па рэканструкцыі народнага адзення аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры збіраецца працягваць. У перспектыве плануюць стварыць яшчэ некалькі касцюмаў. На чарзе – дзіцячая мода. Веды пра яе ўжо ёсць. Значыць, справа за часам.

Наталля ТУРКО
Фота аўтара

Предыдущая статья

Belarus to build 4.2m square meters of housing in 2022