banner

Якой я бачу Беларусь праз 10 гадоў

14 Июня’21
921


Беларусь... Колькі ў гэтым слове сілы, годнасці, веры, дабра і любові. Беларусь – Белая Русь. Белая  – значыць, светлая, чыстая. Гэта мая краіна, у якой я нарадзіўся. Беларусь  –  мая Радзіма. Мы перамагалі ў войнах і даказалі, што беларусы – моцны і мужны народ. Сёння мы будуем станцыі, адкрываем новыя тэхналогіі, ідзём у нагу з часам. Але якой будзе мая краіна праз 10 гадоў? Здаецца, што гэта вельмі доўга, але час ляціць незаўважна. Я, мае сябры – будучае Беларусі, і толькі ад нас залежыць, якім яно будзе.

2021 год у Беларусі аб’яўлены Годам народнага адзінства. Згуртаванасць і згода, талерантнасць і паразуменне, павага адзін да аднаго  –  каштоўнасці, да якіх імкнецца кожны чалавек незалежна ад палітычных поглядаў. Жаданне жыць у свеце і быць шчаслівымі аб’ядноўвае ўсіх нас.

Год народнага адзінства абвешчаны вельмі своечасова. Сёння гэта сапраўды неабходна. Сучасныя людзі настолькі сканцэнтраваны на асабістым дабрабыце, багацці, што забываюць сваё самае галоўнае прызначэнне  –  быць і заставацца чалавекам. Мы перасталі дапамагаць адзін аднаму проста так, ад чыстага сэрца. Дабрыня, спагадлівасць, міласэрнасць сталі старамоднымі. Цяпер у свеце пануе зло, прагнасць, крывадушнасць. Я хачу, каб праз 10 гадоў людзі былі людзьмі. Каб мы ўсе паважалі пачуцці іншых, шанавалі кожны момант, бо ў любы час ён можа стаць апошнім. Шануйце тое, што маеце!

Я хачу, каб кожны размаўляў на сваёй мове. Гэта тое, што адрознівае нас ад астатніх, робіць асаблівымі. Бо кожная мова прыгожая. Забываючы яе, мы губляем сваю непаўторнасць, губляем сябе. Я ўпэўнены, што праз 10 гадоў абсалютна ўсе будуць размаўляць на беларускай мове  –  самай роднай і самай меладычнай.

Мы перасталі чытаць. Зараз, на жаль, вялікая рэдкасць сустрэць чалавека з кнігай. У маёй краіне шмат таленавітых пісьменнікаў: Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Цётка і многа іншых. Беларусь славіцца сваімі вялікімі навукоўцамі, даследчыкамі, мастакамі, вядомымі ва ўсім свеце, якія ўнеслі вялікі ўклад у гісторыю свайго народа. Я хачу, каб праз 10 гадоў кожны беларус ведаў і ганарыўся сваёй культурай.

А колькі прыгажосці вакол нас! У маёй краіне шмат лясоў, палёў, рэк і азёр. Я хачу, каб людзі бераглі нашу прыроду, а не знішчалі яе.

Часта даводзіцца чуць: «Вось у іншых добра! А ў нас што?» Ты жывы, сыты, апрануты. Ты не ведаеш, што такое сапраўднае гора, калі на тваіх вачах забіваюць родных і блізкіх. Пачні мяняць гэты свет з сябе! Усё ў тваіх руках!

Я хачу, каб праз 10 гадоў мы ўсе былі добрымі і спагадлівымі. Любілі і шанавалі родную мову і культуру. Памяталі і ганарыліся нашымі героямі. Захапляліся і стараліся прымножыць багацці прыроды. А самае галоўнае, чаго я хачу больш за ўсё, – каб ні я, ні мае дзеці ніколі так і не зведалі, што такое вайна.

Мая Радзіма  –  гэта тое месца, якое дае мне новыя сілы і жаданне рухацца насустрач маім марам. Краіна, паветра якой зараджае энергіяй і прывівае самыя цёплыя пачуцці да свайго народа. Я лічу, што кожны з нас павінен быць годным прадстаўніком свайго народа і сваёй краіны.

Мікіта НАВАСАД, навучэнец 8 класа Ханявіцкага ДС СШ
Фота Таццяны КАВАЛЬЧУК

Предыдущая статья

На планерке у председателя райисполкома: "Вовремя платить по счетам"
Похожие новости