banner

Творчы “ўраджай”

29 Апреля’24
1447

Адразу ў пяці намінацыях адзначаны свіслацкія майстры ў абласной выставе-конкурсе “Велікодны падарунак”.


Штогод у Гродне праходзіць рэгіянальнае свята-кірмаш вырабаў рамеснікаў «Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня». 27 красавіка ў горадзе на Нёмане зноў сабраліся майстры народнай творчасці, носьбіты нематэрыяльнай культурнай спадчыны з усёй вобласці. І зноў яны здзіўлялі гасцей унікальнымі велікоднымі яйкамі-пісанкамі, самабытнымі гродзенскімі вербамі, тканымі паясамі, вырабамі з саломкі і іншымі сувенірамі. А разам з тым дарылі кожнаму наведвальніку магчымасць набыць усё неабходнае да надыходзячага свята, палюбавацца творамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а таксама самаму пагрузіцца ў творчы працэс, паўдзельнічаць у майстар-класах – іншымі словамі, далучыцца да беларускай традыцыйнай культуры.

Шмат гадоў запар у гэтым мерапрыемстве прымаюць удзел майстры аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Свіслацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. І ўдзельнічаюць паспяхова. Нічога дзіўнага: кожны з іх – прафесіянал у сваёй справе, няхай гэта будзе выцінанка, саломапляценне, роспіс яек, ганчарная справа альбо ткацтва. Галоўнае, кожны з іх шчыра любіць тое, чым займаецца.





Падчас кірмашу сталі вядомыя пераможцы выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Велікодны падарунак”, якая адкрылася ў Гродне 22 красавіка. Свае вырабы – не менш чым 200 – тут прадставілі больш за 70 майстроў вобласці. Прыемна, што слова “Свіслач” пры ўзнагароджанні лепшых прагучала пяць разоў, бо нашы рамеснікі адзначаны ажно ў пяці намінацыях з сямі! Так, Дыпломам І ступені ў намінацыі “Лепшае дэкаратыўнае пано, прысвечанае велікоднай тэматыцы” ўзнагароджана Іна Шпак. Дыплом ІІ ступені ў намінацыі “Лепшая калекцыя традыцыйных велікодных яек” атрымала Аксана Васілько. Дыплом ІІІ ступені ў намінацыі “Лепшая калекцыя сучасных велікодных яек” – у Яўгена Мацешука, Дыпломам ІІІ ступені ў намінацыі “Лепшая калекцыя велікодных паштовак” – у Жанны Сыраежка. Акрамя таго, аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры Свіслацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці стаў пераможцам у намінацыі “Лепшая выставачная кампазіцыя на велікодную тэматыку”.

Наталля ТУРКО

Фота аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры

Предыдущая статья

Как получить удостоверение многодетной семьи?