У рамках навагодняй акцыі «Нашы дзеці» вучні Навадворскай СШ атрымалі незвычайны падарунак. Для дзяцей і іх бацькоў шэфамі школы – УСП «Новы Двор-Агра» – была арганізавана экскурсія на філіял «Завод Хімвалакно» ААТ «Гродна Азот».
Намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце філіяла «Завод Хімвалакно» Вячаслаў Жаваранак і работнікі прадпрыемства цёпла сустрэлі педагогаў, вучняў і бацькоў.
Спачатку для дзяцей і дарослых быў арганізаваны салодкі стол. Удзельнікам экскурсіі прадэманстравалі дакументальны фільм «Гісторыя ўзнікнення завода «Хімвалакно». Вучні і бацькі атрымалі магчымасць паназіраць за працай работнікаў прадпрыемства ў розных цахах, сваімі вачамі ўбачыць, як ствараюць поліамідныя і поліэфірныя ніці і валокны. Свае дзверы адчыніла ім і лабараторыя якасці прадукцыі, дзе дзеці і дарослыя змаглі сачыць за праверкай на якасць поліэфірнай ніці.
Школьнікі атрымалі адказы на многія пытанні: «Якія спецыяльнасці запатрабаваны на заводзе?», «Якія ёсць вакансіі на дадзены момант?», «Дзе можна атрымаць адукацыю, каб потым прыйсці працаваць на прадпрыемства?», «Якая заработная плата ў работнікаў?», «Якія сацыяльныя гарантыі яны маюць?»
Таксама з Вячаславам Мікалаевічам усе адправіліся на экскурсію па тэрыторыі і ў музей «Гродна Азот». Дзеці з вялікай цікавасцю слухалі расказ экскурсавода аб адным з буйнейшых прадпрыемстваў Рэспублікі Беларусь, якое забяспечвае патрабаванні не толькі айчыннага, але і замежнага аграпрамысловага комплексу ў азотных мінеральных угнаеннях.
Школьнікі даведаліся, што прадукцыя пастаўляецца амаль ва ўсе краіны свету і што на тэрыторыі «Гродна Азот» могуць размясціцца дзве маленькія дзяржавы, такія, як Манака. Рабят вельмі зацікавіла, што на прадпрыемстве выпускаецца адно з рэчываў, якое ўваходзіць у склад Coca-Cola.
Дзеці і дарослыя з добрым настроем і новымі ўражаннямі вярталіся дадому. Толькі шчырыя словы падзякі выказвалі навучэнцы і іх бацькі арганізатарам экскурсіі.
Таццяна САЎКО,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Навадворскай СШ.
Электронная
подписка на «СГ»
Подробнее
подписка на «СГ»