banner

Стараста – чалавек неабыякавы

16 Августа’19
1953
Кожны раз, плануючы паездку ў чарговы населены пункт нашага раёна, перш звяртаюся за садзейнічаннем да старасты. І заўсёды пераконваюся, што гэтыя людзі выбіраюцца не выпадкова. Яны сапраўды першыя памочнікі, і не толькі для старшыні сельсавета.

Вось і ў Дудзічах ёсць такі сельскі актывіст – стараста Раіса Салагубік. З яе і пачалося маё знаёмства з гэтай ціхай вёскай, дзе кожны добра ведае адзін аднаго. Хтосьці тут нарадзіўся і застаўся, хтосьці шмат гадоў таму сюды прыехаў, і гэтыя месцы для яго сталі роднымі. А той, хто аказаўся ў чужых краях, усё роўна прыязджае сюды хоць падчас водпуску, каб набрацца сіл.


Раіса Іванаўна нарадзілася ў Дудзічах. Гэта, напэўна, першая акалічнасць, якая ўлічвалася пры выбары кандыдатуры старасты. Яна добра ведае тут усіх. Родныя мясціны пакідала толькі, каб атрымаць прафесію. Падабалася ёй шыць, вось і вывучылася на майстра па пашыву абутку. Праўда, як прызнаецца, па спецыяльнасці працавала толькі на практыцы. Але атрыманыя веды і ўменні спатрэбіліся ў паўсядзённым жыцці. Абшывала і сябе, і сям’ю. З задавальненнем муж, трое дзяцей – сыны Сяргей і Аляксандр і дачка Алеся – насілі сшытае ёй адзенне.

Увогуле, у вольны ад асноўнай працы час займалася шыццём. А працаваць прыйшлося і санітаркай, і даяркай. Апошнія чатыры гады перад заслужаным адпачынкам нават адказвала за ход дойкі на малочна-таварнай ферме.

Ну а самыя галоўныя якасці, дзякуючы якім яна стала пасрэднікам паміж мясцовай уладай і аднавяскоўцамі, гэта камунікабельнасць, спагадлівасць і неабыякавасць да сваёй малой радзімы.

Вёскі з назвай Дудзічы знаходзяцца ў чатырох абласцях Беларусі: Брэсцкай, Гомельскай, Мінскай і нашай, Гродзенскай. Першыя ўспаміны аб вёсцы ў Свіслацкай воласці датуюцца 1897 годам. У населеным пункце налічвалася 35 двароў, у якіх пражывалі 202 чалавекі. Зараз ён уваходзіць у склад Свіслацкага сельсавета. Па стане на пачатак бягучага года, у Дудзічах налічваецца 33 гаспадаркі, зарэгістравана 59 жыхароў. З іх 4 дзяцей, 21 чалавек працаздольнага ўзросту, 34 – пенсійнага.



Людміла БАЛЫШ
Фота аўтара

Предыдущая статья

На ўсходзе вобласці шануюць лён