banner

Любімая бабуля

26 Декабря’19
1210

Маю бабулю завуць Сабіна Яўгеньеўна Райкоўская. Яна нарадзілася ў вёсцы Пушчыкі, а цяпер жыве ў горадзе Свіслачы. Гэта вельмі добры і чулы чалавек. Таму расказваць пра яе я магу бясконца.  


Кажуць, што вочы – гэта люстэрка душы. З гэтым нельга не пагадзіцца. У маёй бабулі прыгожыя карыя вочы, у якіх гарыць агеньчык маладосці. Калі бабуля ўсміхаецца, то пад вачамі з’яўляюцца маленькія маршчынкі, якія надаюць яе твару ласкавасць і дабрыню.

З бабуляй можна заўсёды параіцца, пагаварыць. Вечарамі яна часта ўспамінае аб цяжкім, але вельмі вясёлым пасляваенным жыцці.

“Калі скончылася вайна, – успамінае бабуля, – сям’я жыла са сваёй гаспадаркі. У бацькоў было сямёра дзяцей, каб пракарміцца, старэйшыя вымушаны былі працаваць у больш багатых. Калі арганізавалі калгасы, то працавалі на працадні, за што атрымлівалі ў канцы года збожжа (200–500 грамаў за працадзень), а грошай не было. Вымушаны былі прадаваць на кірмашы прадукты са сваёй гаспадаркі – яйкі, масла, смятану, збіралі ягады, грыбы. На атрыманыя грошы маглі купіць хлеб або тканіну на адзенне, і то самым старэйшым. Таму прысмакаў не было, елі простую ежу, часамі прыгатаваную без солі. Аднак жыццё было цікавае і вясёлае. Моладзь збіралася ў хаце на вячоркі. Старэйшыя дзяўчаты пралі, вышывалі, спявалі песні, а хлопцы расказвалі цікавыя гісторыі. Часам дзяўчатам шкодзілі: то пруток выцягнуць, то нітку парвуць або шнур з калаўрота здымуць, але ўсё рабілася не са злосці. Мы, малыя, хаваліся на печы, каб нас не заўважылі, і назіралі за імі. Зімой у хатах або летам на збудаванай мясцовымі хлопцамі пляцоўцы ладзілі танцы, куды запрашалі гарманіста са сваёй вёскі, які згаджаўся іграць абсалютна бясплатна. А як чакалі Каляды і Новы год, калі можна было пакалядаваць або паваражыць.

Калі я была дзяўчынкай гадоў шасці-сямі, з цікавасцю назірала за тым, як бабуля вышывае, прадзе, тчэ дываны, вяжа, гатуе смачныя стравы, а ў вольную хвілінку любіць пачытаць. Яна захапляецца творамі У. Караткевіча, І. Мележа, шмат чытае на польскай мове рэлігійнай літаратуры, перыядычны друк, у тым ліку “Свіслацкую газету” і часопіс “Советчица”.

Час ідзе, а я па-ранейшаму назіраю за працавітымі рукамі маёй любімай бабулі, якія  спрытна выконваюць любую работу. 

Хачу заўважыць, што сваім вопытам бабуля з задавальненнем дзеліцца і з іншымі. А ў мінулым годзе яна правяла для навучэнцаў нашай школы майстар-клас “Забытыя рамёствы”. Мне было вельмі прыемна назіраць, як бабуля спрытна перабірае рукамі (прадзе кудзелю) ці дзеліцца сакрэтамі ткацкай справы і сама нібы маладзее на вачах. Вышыванню крыжыкам, вязанню кручком і пруткамі бабуля таксама навучыла і мяне.

Я з нецярпеннем чакаю сустрэчаў з бабуляй, каб прытуліцца да яе, пабачыць добрыя, вясёлыя вочы, паслухаць захапляльныя гісторыі.

На Каляды мы па традыцыі збяромся ўсе разам за святочным сталом. Дзелячыся аплаткай, будзем жадаць адзін аднаму поспехаў, спаўнення мараў і апекі Нованароджанага Хрыста над намі. І, безумоўна, бабуля будзе самым важным госцем. Я хачу пажадаць сваёй бабулі моцнага здароўя, радасці, душэўнага спакою. І няхай яшчэ доўгія гады яна будзе нашым добрым анёлам-ахоўнікам.

Ганна БАРАНОЎСКАЯ, вучаніца 8 класа Поразаўскай СШ

Предыдущая статья

Добрые традиции семьи Гляковских
Похожие новости