banner

Корнадзьская скарбніца

27 Ноября’19
3042
Музей ручніка быў створаны ў 2006 годзе і спачатку ўяўляў сабой музейны пакой. Дзякуючы плённай працы таленавітага і крэатыўнага педагога Вольгі Лысевіч, што накіравала навукова-даследчы інтарэс сваіх вучняў на беларускі ручнік, музей вырас і зараз складаецца ўжо з некалькіх памяшканняў і мае некалькі экспазіцый. 



Акрамя ручнікоў тут сканцэнтраваны багаты этнаграфічны матэрыял: традыцыйныя сельскагаспадарчыя і рамесніцкія прылады працы, драўляны і керамічны посуд, вырабы з лазы, узоры хатняга ткацтва. Значнае месца ў калекцыі займаюць прадметы ткацтва: калаўрот, трапала і часала льну, матавіла, чаўнакі, верацёны, варштат. Ва ўсім гэтым – сапраўдныя традыцыі нашага краю.

Сёння ў музеі знаходзіцца каля двухсот ручнікоў, у асноўным сабраных у Свіслацкім раёне. Іх характэрная асаблівасць у тым, што яны ўяўляюць сабой белае палатно, аздобленае вышыўкай і карункамі. Вядома, найвялікшую каштоўнасць маюць экспанаты канца XIX – пачатку XX стагоддзя. Калі вы заглянеце ў гэтае царства ручнікоў, то ў першую чаргу экскурсавод зверне вашу ўвагу на адзін з іх, які падарыла музею жыхарка Корнадзі. На ім вышыты надпісы «Работа мучит, но кормит и учит» і «Злой не верит, что на свете добрые есть». Гэтаму вырабу больш за сто гадоў. Уяўляеце?



Раскажуць вам тут і пра разнастайнасць беларускіх ручнікоў. Яна не толькі ў вышытых узорах і аздабленні канцоў, але і ў закладзеных функцыях. Вядома, што ручнік прысутнічаў і прысутнічае зараз на жыццёвым шляху чалавека ў найбольш важныя яго этапы. Можна ўбачыць яго там, дзе святкуюць радзіны і вяселле, сустрэнеш ручнік і на праводзінах у апошнюю дарогу. Нашы продкі не абходзіліся без гэтай рэчы і ў паўсядзённым жыцці. Аб гэтым якраз і распавядаюць экспанаты міні-выставы «Музей у чамадане». Сем вырабаў, што датуюцца пачаткам – сярэдзінай XX стагоддзя, звычайна дастае з куфра экскурсавод, каб увесці цікаўных у разнастайны свет беларускага ручніка. 

Калі ласка – саматканы льняны ручнік, вядомы як выціральнік. Яго асноўная функцыя – выціранне твару. Канцы ўпрыгожаны карункамі, якія звязаны з дапамогай кручка. Набыты ў вёсцы Ханявічы. Аўтар – Марыя Іванаўна Козел. А вось гэты ручнік невялікага памеру завецца трапкачом. Выкарыстоўваўся для захоўвання ежы, што бралася ў поле. Канцы ўпрыгожаны махрамі. Набыты ў вёсцы Лаўрынавічы. Аўтар – Ніна Сцяпанаўна Сухоцкая. Для афармлення іконы свой ручнік – набожнік, аздоблены вышыўкай у тэхніцы крыжык і карункамі. Набыты ў вёсцы Корнадзь. Яго аўтар – Ганна Аляксееўна Горбач. Наступны экспанат выкананы з баваўнянай тканіны. Гэта падножнік, што выкарыстоўваецца ў вясельным абрадзе. У музей ён прыехаў з Верашчакаў ад Ніны Паўлаўны Стасюкевіч.



Ручнік з суровай льняной ніткі – пахавальны – набыты ў вёсцы Студзенікі. Выкананы Ганнай Вацлаваўнай Баяроўскай. Абыдзённік – так называлі ручнік, які меў ролю абярэга. У музей трапіў з вёскі Падчарнейкі. А яго аўтар – Сцепаніда Аляксандраўна Леванчук.

Апошні, сёмы, экспанат – намітка. Гэты саматканы льняны ручнік выкарыстоўваўся як галаўны ўбор. Набыты ён музеем у вёсцы Дашкавічы ў рукадзельніцы Марыі Сцяпанаўны Саўко.

Не адвесці вачэй ад сабранага скарбу. У кожнай рабоце – даніна традыцыям, пачуццё прыгожага і народны талент. Усё гэта чытаецца ў цікавых каларытных спалучэннях, самабытным арнаменце, незвычайнай вытанчанасці вышытага малюнка. Кранешся ручніка – і насамрэч адчуваеш тую самую повязь, што злучае мінулыя пакаленні з сучасным. І вельмі каштоўна, што ў Корнадзі так шчыра берагуць і ўслаўляюць словам і справай гэту спадчыну.



У школьнага Музея ручніка ёсць свая эмблема. Галоўны элемент – вядома, ручнік, традыцыйна аздоблены вышыўкай. Ён – сімвал дабра і працвітання роднага краю. Вышыўка нагадвае геаметрычны арнамент. Чырвоны колер сімвалізуе жыццё, радасць, любоў, а чорны – зямлю. На ручніку ў цэнтры – хлеб, побач – жытнёвыя каласкі і валошкі. Хлеб і колас – сімвалы дабрабыту. Валошкі – сама Беларусь, духоўнасць і чысціня.
Усе гэтыя элементы маюць цесную сувязь з экспазіцыямі музея: «Ручнік – дарога чысціні», «Народны побыт», «Вышыўка і ткацтва», «Беларуская хатка», «Сучасны ручнік», «Народны касцюм Свіслаччыны».

Наталля ТУРКО
Фота аўтара

Предыдущая статья

Родны сэрцу куточак