banner

Накірунак – этнаграфічны

21 Августа’18
2333

Лета – час экскурсій, падарожжаў, паходаў. Цікава адпачываць усюды. Але перш чым адправіцца куды-небудзь, трэба спачатку вывучыць родныя мясціны. Часам мы накіроўваемся ў далёкае далёка. А дзіўнае побач, тут, за паваротам...

 

Сёння модна падарожнічаць на веласіпедах. Таму, дарагія чытачы, бярыце свайго двухколавага сябра – і наперад. Прапаную здзейсніць падарожжа па этнаграфічным маршруце «З хаты ў хату». Ён распрацаваны ДУА «Свіслацкі раённы цэнтр турызму і краязнаўства». Дарэчы, тут вы можаце атрымаць кампетэнтную інфармацыю па ўсіх пытаннях, што тычацца турыстычнага патэнцыялу раёна.


Вы гатовыя? Тады пара адправіцца ў дарогу. Але не разганяйцеся. Не забывайце, што нам трэба пазнаёміцца з этнаграфіяй раёна. Таму спярша давайце зойдзем у аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры, які размяшчаецца ў адміністратыўным будынку былога кінатэатра «Звязда». Наведаўшы выставу-продаж, можна не толькі дакрануцца да этнаграфічнай спадчыны, але і набыць выдатны сувенір. Тут усё вельмі цікава, але не будзем затрымлівацца, наперадзе яшчэ дзясяткі кіламетраў. Выстройваемся адзін за другім (мы ж не можам парушаць Правілы дарожнага руху!) і едзем у бок г. п. Поразава. Не едзем, а коцімся. Дарога – проста цуд, нездарма называецца «залатым кальцом».


У Поразаўскай бібліятэцы – цэнтры краязнаўства нядаўна, усяго год таму, адкрыўся музейны пакой «Мастацтва гліны і агню». Што тут скажаш, акрамя таго, што ўражлівае. Поразава славілася вырабам чорназадымленай керамікі. Конаўка для напояў, збаны для малака, міскі... Тут гэтага шмат. Ды якое ўсё прыгожае! У канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя Поразава з’яўлялася адным з буйных ганчарных цэнтраў Беларусі. У мястэчку пражывала каля 200 майстроў. Сямейныя дынастыі Шалкевічаў, Паплаўскіх, Раманоўскіх, Пінютаў, Козюкаў перадавалі сакрэты ганчарнага майстэрства з пакалення ў пакаленне. Адзін з самых вядомых поразаўскіх ганчароў – Іосіф Шопік. Ён лаўрэат Другога Усесаюзнага фестывалю народнай творчасці, удзельнік усесаюзных, рэспубліканскіх і абласных выстаў. Быў узнагароджаны медалём ВДНГ СССР. Ганчарствам займалася ўся сям’я Шопікаў – чатыры пакаленні. У музеі маецца макет зямнога горна, з дапамогай якога рабіліся ўнікальныя керамічныя вырабы. Пры жаданні можна і самому паспрабаваць нешта зляпіць з гліны. Тут усё для гэтага ёсць. Менавіта «зляпіць», таму што без навыкаў, нічога не атрымаецца.

Накірунак – этнаграфічны

 
Едзем у Карэвічы. Прыпынак – аграсядзіба «Фальварак «У Рыся». Калі прагаладаліся, то можна падсілкавацца ў кафэ «Стары млын», а пасля гаспадары вас з задавальненнем запросяць на этнаграфічны падворак, дзе размясціліся домікі разьбяра, ганчара, ткачыхі. Гэта своеасаблівая вёсачка рамёстваў, якая расказвае пра паўсядзённыя клопаты жыхароў Свіслаччыны. Яна ўяўляе сабой комплекс з рознымі майстэрнямі, дзе адноўлена атмасфера стара-беларускіх вытворчасцей. У кожным доміку можна сябе паспрабаваць у якасці рамесніка.

Накірунак – этнаграфічны

 

Накірунак – этнаграфічны

 
Навучыліся рамяству, пара і павесяліцца. Паехалі ў Новы Двор на вяселле! Найбольшай прыгажосцю, унікальнасцю заўсёды вылучалася беларускае вясковае вяселле. Сапраўды, старажытны вясельны абрад робіць гэтае свята прыгожым, глыбокім і непадобным на сённяшні. Старадаўнія традыцыі яшчэ жывыя. Паглядзеўшы абрад «Навадворскае вяселле», жадаючыя могуць наведаць майстар-клас па пляценні паясоў. У гэтым аграгарадку ёсць і такія майстрыхі.


Далей мы накіроўваемся ў вёску Рудня. Для гэтага трэба праехаць Войтаў Мост і Жаркаўшчыну. Тут не знойдзем элементаў этнаграфіі, але атрымаем асалоду ад прыгажосцяў Белавежскай пушчы і выгляду гасцінічнага комплексу. У Рудні знаходзіцца прыватны музей аднаго дома. Экспазіцыі музея раскажуць пра побыт жыхароў Заходняй Беларусі ў першай палове ХХ стагоддзя. Тут сабрана ўсё – прасы, посуд, прылады працы, адзенне, дакументы... Сярод экспанатаў – калекцыя копій гравюр вядомага дарэвалюцыйнага аўтара і ілюстратара выданняў пра прыроду Белавежскай пушчы Антона Камінскага.


Дарога ў аграгарадок Ціхаволю такая ж таямнічая, як і ўся Белавежская пушча. Будзьце ўважлівымі, магчыма, пашанцуе ўбачыць якога-небудзь ляснога жыхара. Трымайце пад рукой фотакамеру.
Заязджаем у мясцовы філіял-клуб і адразу трапляем на выставу «З бабулінага куфэрка». Тут і канапы, і ручнікі, і вышыванкі... Так таленавіты народ жыў. Цікава, калі часу на ўсё хапала?

Накірунак – этнаграфічны

 

Тэма напаўнення куфэрка працягнецца ў Грынках. У сельскім філіяле-клубе аформлена выстава «Мода з куфэрка». Вы тут знойдзеце ўсё, што было характэрна для моды савецкай гістарычнай эпохі. У камодзе калекцыі жаночай і мужчынскай вопраткі, абутак, галаўныя ўборы, сумачкі, касметыка... Усё, хопіць дзівіцца вопраткай, настаў час у Свіслач вяртацца.


Стаміліся? Але гэта прыемная стомленасць. Экскурсія атрымалася вельмі пазнавальнай. Было што паглядзець, чаму здзівіцца і ёсць што расказаць.

 

Падрыхтавала Марына Янюк.

Фота аўтара.

Предыдущая статья

Регистраторы начнут в ноябре отработку адресов для переписи населения