banner

Няспынна меле часу млын…

10 Декабря’18
1444
Восеньскія сцежкі-дарожкі прывялі нас у Адэльск. Здаецца, зусім побач, а ніколі ў гэтым куточку Гродзеншчыны не былі. Звярнулі ў Індуры ўлева, ззаду засталіся вёскі з цёплымі і цікавымі  назвамі Жытарадзь, Вялікая і Малая Жорнаўка – і ўжо відаць касцёл Узнясення Прэсвятой Дзевы Марыі.

Упершыню Адэльск упамінаецца ў XV ст. Першы касцёл быў пабудаваны ў 1490 годзе. Мястэчка было надзелена Магдэбургскім правам і некалькі стагоддзяў лічылася горадам. На канец ХІХ ст. тут пражывала звыш 1,5 тыс. жыхароў. Зараз Адэльск – аграгарадок. Пяць гадоў таму тут упершыню пачалі ладзіць Свята млынароў. Чаму менавіта такое?

У ранейшыя часы вакол мястэчка працавалі 14 млыноў. Яны размяшчаліся на адкрытых узвышаных месцах, за ваколіцамі каля вялікіх дарог, таму што трэба было адвозіць муку ды прывозіць зерне. У пачатку ХХІ ст. падчас буры быў разбураны апошні вятрак. Але гісторыя адэльскіх млыноў не была згублена. Намаганнямі гісторыкаў, культработнікаў, мясцовых энтузіястаў і з’явілася свята млынароў. Галоўным героем святочнай дзеі заўсёды з’яўляецца духмяны каравай. Радавалася сэрца, калі на сцэну ў стракатых строях, з караваямі на рушніках выйшлі прыгожыя дзяўчаткі з усіх куточкаў Гродзенскага раёна.

І закружыла ў цудоўным карагодзе свята! У які куточак ні зазірні – усюды цікава, пазнавальна, прыветліва. Бібліятэчныя работнікі прэзентавалі кніжную выставу «Кніжны Млын», дзе з цікавасцю знаёмілі з яркімі кніжнымі навінкамі. У кнізе «Каля печы» сабраны звыш двух дзясяткаў рэцэптаў мясцовых страў. Дарэчы, жытні адэльскі хлеб уключаны ў спіс нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.

Менавіта пра хлеб і ішла гаворка на прэзентацыях усіх клубных падворкаў, з дэгустацыяй страў, з гульнямі і забавамі, з танцамі, вясёлай музыкай і песнямі.

У Доме культуры размешчаны музей народнага майстра Мар’яна Скрамблевіча. Адчынены ён штодзённа. Такой колькасці музычных інструментаў ручной работы больш нідзе не ўбачыш. Тут можна пачуць міні-канцэрт ад маэстра, пабачыць майстра за працай, набыць нейкі выдатны сувенір.



Свята віравала да позняга вечара. Кожны знайшоў сабе занятак па душы. Зусім маленькія дзеткі на майстар-класе вучыліся ладзіць ветракі, сталае пакаленне з задавальненнем глядзела канцэртную праграму, а моладзь з добрым настроем вучылася танцаваць беларускія бытавыя танцы.
Мы таксама там былі: спрабавалі адэльскія смакоцці, з імпэтам гулялі ў гульні, зачаравана разглядалі вышываныя адэльскія дываны, актыўна падтанцоўвалі. Дзякуй адэльчанам за гасціннасць!

Марыя САМАЛЕВІЧ.

Предыдущая статья

С открытым сердцем по жизни
Похожие новости