banner

Пра што піша міністр інфармацыі. Аляксандр Карлюкевіч прэзентаваў свае новыя кнігі на свяце ў Мірскім замку

17 Июня’19
1984
У шэрагу прэзентацый, што праходзілі падчас “Кніжных сустрэч у Мірскім замку”, свае выданні прадставіў чытачам і міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч. Прэзентацыя прайшла сярод іншых у малым зале. Як і астатнія, сабрала багата гледачоў – тых, хто цікавіцца сучаснай беларускай літаратурай.



Як аўтар кніг Алесь Карлюкевіч – менавіта гэта імя можна прачытаць на вокладках – вядомы досыць даўно. У сферы яго літаратурных інтарэсаў – у першую чаргу краязнаўства. Так, раней пабачылі свет кнігі “Сцежкамі Ігуменшчыны”, “І векавечны толькі край”, “Радзімазнаўства. Мясціны. Асобы” ды многія іншыя. Ведаюць яго і як аўтара цікавых і пазнавальных казак для дзяцей: “Зорны шлях белых гарлачыкаў”, “Белка пишет сочинение”, а таксама гісторый пра прыгоды Шубуршуна.


На свяце ў Міры Алесь Карлюкевіч прадставіў новыя выданні: “Роднымі сцяжынкамі” і “Крыніцы святла”. Першая змяшчае краязнаўчыя нарысы і эсэ, якія дазваляюць здзейсніць падарожжа па гарадах і мястэчках Беларусі ды пазнаёміцца з выбітнымі беларусамі – вучонымі, мастакамі ды іншымі таленавітымі ўраджэнцамі нашай краіны.

Выданне “Крыніцы святла” крыху іншага характару. Як распавёў Алесь Карлюкевіч, гэтую кнігу складаюць эсэ і нарысы, аб’яднаныя тэмай міжнародных стасункаў беларускай літаратуры. Да прыкладу, асобны раздзел прысвечаны Азербайджану. Ёсць у ім інтэрв’ю з літаратуразнаўцай Ірадай Мусаевай, прысвечанае творчасці вядомай беларускай пісьменніцы, лаўрэата Нобелеўскай прэміі Святланы Алексіевіч. Яшчэ адзін раздзел распавядае пра повязі з кітайскай літаратурай. Ёсць у ім аповед пра паездку ў Паднябесную народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, разважанні пра паэтаў Кітая, гутаркі з перакладчыкамі, дзякуючы якім беларускі чытач можа пазнаёміцца з творамі кітайскіх аўтараў. Для тых, хто любіць не толькі беларускае слова, але і цікавіцца развіццём міжнародных літаратурных стасункаў, гэтая кніга – сапраўдная крыніца ведаў ды цікавых прыкладаў.


Падчас прэзентацыі ад прысутных гучала шмат самых розных пытанняў. Прынамсі, цікавіліся госці, калі можна будзе пачытаць новыя кнігі Алеся Карлюкевіча для дзяцей. Як расказаў аўтар, цяпер ён больш паглыбіўся ў краязнаўчую тэматыку. І апошнія некалькі год не пісаў для дзяцей. Але, спадзяецца, у гэтым кірунку пастаўлена не кропка, а шматкроп’е. Таму і мы будзем чакаць новых сустрэч з захапляльнымі кнігамі Алеся Карлюкевіча.

grodnonews.by

Предыдущая статья

Судьба человека