banner

Дажынкі і кірмаш – нацыянальны каларыт наш

09 Августа’19
1531
17 жніўня наша Свіслаччына – брыльянт у беларускай кароне гарадоў і мястэчак, які выпраменьвае толькі яму ўласцівы бляск – сустрэне святочным настроем два галоўных святы – Свіслацкі кірмаш і раённыя Дажынкі. Чым будуць здзіўляць свіслачане гасцей, сярод якіх нямала замежных, якія дасягненні нашых землякоў знойдуць адлюстраванне падчас мерапрыемства, мы пацікавіліся ў старшыні райвыканкама Уладзіміра Анішчыка.



– Уладзімір Сяргеевіч, дзе шукаць карані нашага брэндавага мерапрыемства – Свіслацкага кірмашу?

– Мястэчка Свіслач у першай палове XIX стагоддзя было актыўным гандлёвым цэнтрам заходняга рэгіёну Беларусі. Менавіта ў гэты час Свіслацкі кірмаш набывае міжнародны статус. Гандляваць сюды з’язджаліся купцы з розных краін свету: Расіі, Украіны, Аўстрыі, Прусіі, Францыі, Даніі, Турцыі, Польшчы. Усяго збіралася да трох-чатырох тысяч чалавек. Заснаваў кірмаш уладальнік Свіслачы Вінцэнт Тышкевіч, які атрымаў прывілей Станіслава Аўгуста ад 16 студзеня 1783 года. Першы кірмаш працаваў 15 жніўня 1792 года, а потым праводзіўся штогод: спачатку два тыдні, затым месяц – з 25 жніўня па 25 верасня.
У 2013 годзе ў Свіслачы вырашылі адрадзіць старую добрую традыцыю ў рамках праекта “Супрацоўніцтва і культурны дыялог гарадоў Укмерге і Свіслач” праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва “Латвія – Літва – Беларусь”. І вось, сустракаючы пяты Свіслацкі кірмаш, мы ўпэўнена гаворым аб тым, што за гэты час наладжаны моцныя сяброўскія сувязі з Літвой, Латвіяй і Польшчай. Дэлегацыі з гэтых краін частыя госці на галоўных святах Свіслаччыны. Вось і зараз латышы прыедуць да нас з новым праектам, накіраваным на павышэнне турыстычнай прывабнасці нашага раёна і завязаным на рэканструкцыі Свіслацкага гісторыка-краязнаўчага музея.

– У гэтым годзе кірмаш, можна сказаць, пройдзе з размахам, бо аб’ядналі яго са святам усіх хлебаробаў – Дажынкамі. Па звестках з палёў, нам ёсць чым парадаваць жыхароў раёна.

– Так, сапраўды. Гэта ўборачная кампанія для аграрыяў раёна была больш удалай, чым леташняя. Але прырода ўсё ж унесла ў планы сельгасвытворцаў свае карэктывы, і прагнозы вяскоўцаў часткова не апраўдаліся. Аднак нашы людзі навучыліся змагацца з цяжкасцямі. Супрацьпаставіўшы прыродным катаклізмам вялікую працавітасць, вопыт, самаадданасць і веру ў лепшы зыход, яны ўсё ж здолелі дамагчыся нядрэнных вынікаў у вытворчасці.

У гэтым годзе мы плануем атрымаць валавы збор зерневых і зернебабовых культур без кукурузы ў бункернай вазе 44,5 тысячы тон пры сярэдняй ураджайнасці 28 ц/га. У мінулым годзе валавы збор склаў 25,1 тысячы тон пры сярэдняй ураджайнасці 17,3 ц/га. У параўнанні з мінулым годам лічба вялікая, хоць далёка не тая, якую хацелася б бачыць.

Нядрэнныя паказчыкі ў раёне на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур у працаўнікоў СУП «Ханчыцы-Нёман» – сярэдняя ўраджайнасць складае 45,3 ц/га, ААТ «Акр-Агра» – 33,1 ц/га, КСУП «Стракелі» – 31,3 ц/га.

Значна вышэй мінулага года па раёне і сярэдняя ўраджайнасць рапсу – 23,4 ц/га. У 2018-м – 8,4 ц/га. У лідэрах тыя ж СУП «Ханчыцы-Нёман» (32,9 ц/га) і ААТ «Акр-Агра» (31,5 ц/га).
У сувязі з гэтым хочацца выказаць словы шчырай удзячнасці ўсім працаўнікам сельскай гаспадаркі за іх бясцэнны ўклад у развіццё галіны, за разуменне важнасці пытання харчовай бяспекі краіны, за дысцыплінаванасць і самаадданасць. Лепшыя з лепшых будуць годна ўзнагароджаны на свяце раённых Дажынак.

– А калі звярнуцца да культурнай праграмы свята, чым новым мы будзем здзіўляць гасцей?

– Кожны год у Свіслачы імкнуцца прыдумаць нешта новае, а дакладней, адрадзіць старое. Так, у гэтым годзе кірмаш пройдзе ў адным з найпрыгажэйшых месцаў Свіслачы – гарадскім парку. Тут можна ўбачыць векавыя ліпы, пагуляць паміж сажалкамі, прайсціся па ажурным мосціку, пастаяць на падмурку палаца Тышкевічаў. Усё гэта вельмі нагадвае той парк, які граф Вінцэнт Тышкевіч ствараў для сваёй жонкі.
Адметнасцю свята стане інтэрактыўная конкурсная праграма “На балі ў графа Тышкевіча”, дзе маладыя людзі ў касцюмах канца XVIII – пачатку XIX стагоддзя вывучаць з гараджанамі і гасцямі свята старадаўнія танцы, успомняць некаторыя асаблівасці таго часу, правераць веданне гісторыі.

Акрамя таго, у праграму свята ўключана некалькі конкурсаў: “Лепшы каравай-2019”, “Лепшы сноп-2019”, “Карчма дажыначная”, “Кветкавая феерыя”, “Вальс кветак”, фотаконкурс “Кветкавы дворык”. Гэта магчымасць для прадпрыемстваў і арганізацый раёна праявіць сябе, парадаваць гасцей сваёй крэатыўнасцю.

Багатую, яркую і запамінальную канцэртную праграму абяцаюць на свяце артысты, што збяруцца ў наш гарадок з розных куткоў Беларусі. Гэта і гумарыстычнае «Шоу зорак» з удзелам парадыста Сяргея Куная і тэатра гумару Кан-Кан, і выступленне зорак беларускай эстрады: Уладзіміра Ухцінскага, групы “Las Vegas”, Івана Буслая, Вольгі Змуршчык.

Завершыцца свята дыскатэкай са светлавым лазерным і пенным шоу, канфеці, з удзелам лепшых ды-джэяў з Гродна і Мінска.

Упэўнены, што шмат наведвальнікаў будзе і на гандлёвых, і на дзіцячых пляцоўках. Таму шчыра запрашаю на гасцінную і шчодрую свіслацкую зямлю, багатую сваёй шматвекавой гісторыяй, мудрымі і працавітымі людзьмі. Мы заўсёды рады гасцям і, паверце, нам сапраўды ёсць чым задаволіць самы патрабавальны густ.

– Дзякуй за размову, Уладзімір Сяргеевіч! Спадзяёмся, што абодва святы застануцца ў памяці ўсіх удзельнікаў добрым і яскравым напамінам пра адыходзячае лета.

Вольга БУБЕНЧЫК
Фото Таццяны КАВАЛЬЧУК

Предыдущая статья

В списке «тысячников» новые имена