banner

Сляды вайны ў лёсе землякоў

02 Апреля’20
1140
Вогненным страшэнным смерчам пранесліся над нашай зямлёй ваенныя падзеі 1941–1945 гг. Помняць аб іх ветэраны, што перажылі тыя жудасныя хвіліны і вярнуліся дамоў. Успамінаюць патомкі, каб аддаць дань павагі вялікаму і слаўнаму подзвігу. І вельмі важна нам з вамі пра гэта не забываць, бо калі чалавечая памяць сцірае тыя імгненні і ўспаміны людзей, гісторыя ператвараецца ў набор лічбаў і фактаў. А так проста не павінна быць.

ГуляйТ.jpgТаму мы зноў гартаем летапіс Велікасельскай школы і знаходзім успаміны Таццяны Іванаўны Гуляй, чыё дзяцінства прыйшлося на ваеннае ліхалецце і пасляваенныя гады. Вось як яна ўспамінае пра той час:

Нарадзілася я ў вёсцы Каліноўская Свіслацкага раёна. Была яшчэ зусім малая, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. Усе, што ўспамінаецца аб бацьку, дык гэта тое, як ён садзіў мяне на жывот і гушкаў, а я звонка смяялася, потым абдымала тату за шыю і прыціскалася да яго калючых шчок. Бацька пайшоў на вайну 22 чэрвеня 1941 года. Мая малодшая сястра нарадзілася ў гэтым жа годзе, але тата не змог яе ўбачыць. А ў 1944 годзе наша сям’я атрымала пахаронку. Ці патрэбна гаварыць, як цяжка было маёй маме з дзвюма дачкамі? Што патрэбна было рабіць, каб выжыць у тым крамешным пекле? І арала яна, і касіла, і жала, і, сціснуўшы зубы, плакала па начах у падушку.

Родная вёска нашай гераіні знаходзілася каля самай Белавежскай пушчы, таму вельмі часта тут здараліся перастрэлкі паміж партызанамі і фашыстамі. Непадалёку праходзіла чыгунка, знаходзіўся нямецкі бункер, у якім размяшчалася нямецкая жандармерыя. Днём у вёсцы гаспадарылі немцы, а ноччу, калі было ціха, да сялян прыходзілі “лясныя” госці – партызаны. Ім, як маглі, дапамагалі інфармацыяй, прадуктамі харчавання, адзеннем. Гэта было небяспечна, бо за такую дапамогу фашысты маглі расстраляць усю сям’ю. Але людзі ўсё роўна дапамагалі, бо верылі, што так набліжаюць перамогу.

Адзін страшны эпізод назаўжды запомніўся Таццяне Гуляй: 

– У канцы вёскі, недалёка ад нашай хаты, была кузня, у якой заселі фашысты. Ім паведамілі, што ноччу прыйдуць партызаны. Але раптам замест доўгачаканых гасцей прыбыў нямецкі патруль. Неразабраўшыся, фашысты пачалі страляць у сваіх. Мы ўсе, як па камандзе, пападалі на драўляную падлогу, бо праз вокны ў хату ляцелі кулі. Хутка да немцаў прыбыло папаўненне. Усіх дарослых і дзяцей выгналі на вуліцу, паставілі перад намі кулямёты і пачалі пытаць у маіх аднавяскоўцаў “Дзе бандыты?”. Мы дрыжалі і плакалі, бо не ведалі адказу, аж да самай раніцы. Потым, праўда, ва ўсім разабраліся, што вінаватыя былі немцы. І такіх начэй, калі жыццё вісела на адным валаску, было нямала. А доўгачаканая перамога прыйшла толькі ў 1944 годзе.

Падзеі Вялікай Айчыннай вайны не засталіся ў баку ад лёсу яшчэ адной нашай з вамі зямлячкі – Марыі Данілаўны Радзівонік. Да вайны яна дапамагала бацькам апрацоўваць свой кавалак зямлі, даглядала за хатняй жывёлай. Калі прыйшлі немцы, жыццё змяніла накірунак. Фашысты падчас акупацыі Беларусі вельмі хваляваліся, каб партызаны не мелі падтрымкі ад мясцовага насельніцтва. Аднойчы адзін з нямецкіх памочнікаў убачыў, як з лесу выйшаў малады хлопец. Пасля гэтага выпадку ўсіх маладых хлопцаў і дзяўчат сабралі ў цэнтры вёскі і павезлі ў в. Мсцібава, а адтуль ужо ў г. Ваўкавыск.

Марыя Данілаўна ўспамінала пра гэтыя падзеі: “Сагналі нас усіх у страшнае памяшканне, цёмнае, халоднае. Раздзелі. Прыйшоў немец і стаў хадзіць каля нас, разглядваць. Было такое адчуванне, што на цябе глядзяць як на нейкую жывёліну. Страшны жах быў на тварах усіх. Некалькі чалавек былі прызнаны нягоднымі, іх адправілі дадому. З якой зайздрасцю глядзелі ім у след усе астатнія! Потым усіх пагрузілі ў вагоны для перавозкі жывёл і павезлі. Цягнік усё далей і далей адвозіў нас ад родных мясцін”.

Марыя Данілаўна доўгі час працавала ў гаспадарцы нямецкага юнкера, арала зямлю, пасла хатнюю жывёлу. Калі закончылася вайна, яна па шчаслівым выпадку сустрэлася з сваякамі і разам з імі вярнулася ў родную вёску. 

Здаецца, гісторыі вельмі падобныя адна на адну, але і розныя адначасова. Кожнай з гераінь прыйшлося сваімі вачамі пабачыць жудасныя эпізоды той вайны, прайсці праз яе пекла, сустрэць перамогу і помніць аб ёй. Помніць, каб ніколі больш не забываць.

Уладзімір МІХАЛЬЧЫК

Предыдущая статья

Гордимся подвигом нашего народа