banner
Як гэта было
08:53 11 Января’19
451
12 лістапада 1939 года нечарговая трэцяя сесія Вярхоўнага Савета БССР пастанавіла прыняць Заходнюю Беларусь у склад БССР. 



15 студзеня 1940 года быў створаны Свіслацкі раён Беластоцкай вобласці, у склад якога ўваходзіла 17 сельскіх Саветаў: Свіслацкі, Відзейкаўскі, Вейкаўскі, Грынкаўскі, Лукаўскі, Палонкаўскі, Грыцавіцкі, Кватарскі, Дабравольскі, Вялікасельскі, Юшкаўскі, Нязбодзіцкі, Ялоўскі, Мастаўлянскі, Старалеўкаўскі, Шымкаўскі, Агародніцкі і Свіслацкі гарадскі Савет.

Таксама 15 студзеня быў створаны Поразаўскі раён Брэсцкай вобласці з цэнтрам у вёсцы Поразава. У яго ўвайшлі 12 сельскіх Саветаў: Поразаўскі, Дашкавіцкі, Падароскі, Нізянскі, Ханявіцкі, Лаўрынавіцкі, Кукліцкі, Навадворскі, Хрустаўскі, Крапіўніцкі, Міхайлаўскі і Шурыцкі.

24 сакавіка 1940 года ў заходніх абласцях Беларусі адбыліся выбары ў Вярхоўныя Саветы СССР, БССР, у абласныя, гарадскія, раённыя, пасялковыя і сельскія Саветы дэпутатаў працоўных. 

У Вярхоўны Савет БССР па Свіслацкай выбарчай акрузе быў выбраны Мікалай Болтрык, па Поразаўскай – Мікалай Шырынга.
 
У мясцовыя Саветы былі выбрана прадстаўнікі рабочага класа, сялянства, інтэлігенцыі, якія многія гады змагаліся за народнае шчасце. Сярод іх былі Канстанцін Варановіч – першы старшыня Свіслацкага гарсавета, Іван Панотчык – старшыня Дабравольскага сельсавета і іншыя. 

У самы кароткі тэрмін на далучаных тэррыторыях было ліквідавана беспрацоўе. Сяляне атрымалі зямлю, якая належала памешчыкам, асаднікам і кулакам. 
На тэрыторыі сучаснага Свіслацкага раёна было створана 10 калгасаў, 2 машынна-трактарныя станцыі – Поразаўская і Свіслацкая. 

У Свіслачы сталі працаваць беларуская сярэдняя, польская, руская і яўрэйская сямігадовыя школы, Свіслацкая бальніца, гарадская і шэраг сельскіх бібліятэк, хат-чытальняў. У Свіслачы ў 1940 г.  быў адкрыты кінатэатр «Звязда». 
Аднак мірнае жыццё было парушана вераломным нападам фашысцкай Германіі. Пачалася Вялікая Айчынная вайна. Акупацыйны рэжым на Свіслаччыне працягваўся 1116 дзён і начэй. 

Вайна пакінула цяжкую «спадчыну». 1 162 ураджэнца раёна не вярнуліся з вайны. 5 213 мірных жыхароў былі закатаваны за гады акупацыі. Немцы знішчылі шэраг населеных пунктаў. У Навадворскім сельсавеце – 2 вёскі, 5 хутароў, 2 урочышчы, у Дабравольскім – 6 вёсак. Разбураны і разрабаваны культурна-бытавыя ўстановы, школы, бальніца, культавыя ўстановы. Свіслач была знішчана на 95%. Уцалелі пасля вайны будынкі цяперашняга кінатэатра, раённага гісторыка-краязнаўчага музея. Засталося некалькі дамоў па вуліцы Новай. У паўразбураным стане былі будынкі архітэктуры, міліцыі, гімназіі.  

У краінах Еўропы яшчэ ішлі баі, а на свіслацкай зямлі пачалася аднаўленчая дзейнасць. Першым заданнем свіслачан, большую колькасць якіх складалі жанчыны, падлеткі ды старыя, было падняць з руін разбураную вайной гаспадарку, аднавіць пабудовы, наладзіць жыццё. 

Адбудоўваліся дарогі, аднаўляліся масты. За 1945–1948 гады жыхарамі раёна было адрамантавана 718 пагонных метраў мастоў з 1000 метраў існуючых.

Ужо ў канцы ліпеня 1944 года быў створаны райваенкамат, пачаўся прызыў у армію. У хуткім часе ўзнавілі сваю працу бальніца, пошта, міліцыя.

1 верасня 1944 г. у Свіслачы навучальны год пачаўся ў паўразбураным левым крыле будынка былой гімназіі. 

У ліпені 1944 г. выйшаў першы пасляваенны нумар раённай газеты «За Родину». Першай буйной пасляваеннай пабудовай у Свіслачы стала  школа, будаўніцтва якой  было завершана ў 1949 годзе.
 
(Працяг будзе)

Ігар БАЯРКІН. 
(Па матэрыялах Свіслацкага гісторыка-краязнаўчага музея).

Предыдущая статья

Медсестра и депутат Светлана
Комментарии 0

Ваше имя

Комментарии