banner

"Вёсачка мая, мая чараўніца, ты мая любоў, мая балаўніца". Пяты раз у раёне прайшоў конкурс «Я – сяльчанка!»

22 Марта’19
3891
У Ханявіцкім філіяле-клубе сабраліся прадстаўніцы ад кожнага сельсавета. Гэта жанчыны рознага ўзросту, дарэчы, самай старэйшай амаль семдзесят гадоў, і прафесій, але іх аб’ядноўвае адно – любоў да сялянскага жыцця. Калі рана на досвітку будзіць певень, на страсе клякоча бусел, калі вакол ціха і прыгожа. А яшчэ яны майстрыхі на ўсе рукі і добрыя гаспадыні. Што гэта менавіта так, паказаў конкурс «Свет маіх захапленняў».


Здавалася, што тут, у Ханявічах, праходзіць кулінарны фэст. Колькі разнастайных страў прадставілі нашы канкурсанткі! Тут і пірагі, і каўбасы, і сыр, і калдуны, і рознае печыва… Усё паспяваюць нашы жанчыны – і за дзяцьмі глядзець, і хатняй гаспадаркай займацца, і рукадзеллем.

Напрыклад, Яніна Шчурская з Ханявічаў вельмі добра вышывае, а яшчэ займаецца кветкамі. У яе агародзе каля ста відаў кветак: амаль тысяча цюльпанаў і гладыёлусаў, шмат астраў, хрызантэмаў. З ранняй вясны да позняй восені каля хаты жывы кветкавы дыван. У хаце таксама ўсё ў зеляніне. 



Вольга Блыш – майстрыха-швачка якіх пашукаць. Яна з тканіны такое зробіць, што і не падумаеш. І не патрэбна для яе вырабаў новае палатно. У самы раз стары джынс. Вось вам і сумка, і пенал, і… касцюм для роставай лялькі.

Антаніна Навумік займаецца алмазнай вышыўкай. Яе карціны з бісеру – сапраўднае маляўнічае палатно. А яшчэ яна аматар-рыбалоў. А калі спатрэбіцца, то і за штурвал камбайна можа сесці. 



«Жыву ў вёсцы і гэтым ганаруся» – гэты конкурс дапамог яшчэ бліжэй пазнаёміцца з нашымі канкурсанткамі. Чым яны жывуць, якога прынцыпу прытрымліваюцца? А вось вам і адказ. Прадстаўніца Свіслацкага сельсавета Аксана Зомер – шчаслівая маці пецярых дзяцей. У іх яе сэнс жыцця, шчасце і жаночая сіла.

Галіна Лаўрашук з Дабраволі сваё жыццё звязала з медыцынай. Яе прызванне – дапамагаць людзям, клапаціцца пра іх здароўе. Жанчына жыве па прынцыпу «Дарогу адолее той, хто ідзе».

З песняй па жыцці крочыць прадстаўніца Поразаўскага сельсавета Жанна Турак. І ў яе гэта вельмі добра атрымліваецца. Яна бярэ слухача сваім сакавітым голасам, уменнем трымацца на сцэне, артыстызмам. Жанна сябруе са спортам. Маладая жанчына заўсёды марыла аб уласным кафе. У хуткім часе так і будзе. Яно, яе ўласнае кафэ, будзе адкрыта ў г. п. Поразаве.


«Радавацца сёння і цяпер» – жыццёвае крэда Таццяны Завадскай, прадстаўніцы Нязбодзіцкага сельсавета. Таццяна любіць паэзію і ўсё прыгожае. Яна лічыць, што жанчына павінна заўжды добра выглядаць. Каб дапамагчы ім у гэтым, яна занялася манікюрнай справай.

Свой талент кожная канкурсантка змагла паказаць у конкурсе «Я магу». І калі для саміх удзельніц гэта заданне не было такім напружаным, то журы, наадварот, прыйшлося цяжка, асабліва вызначыць пераможцу. Усе канкурсанткі – лепшыя!



Мы яшчэ раз упэўніліся, якія прыгожыя нашы жанчыны, як многа ў іх любові і творчасці, – падкрэсліў намеснік старшыні райвыканкама, старшыня журы Юрый Кулікоў, – якія яны таленавітыя і цікавыя. Дзякуй вам за гэта, а таксама за любоў да сваёй малой радзімы

Пераможцай конкурсу «Я – сяльчанка!» стала Жанна Турак. 



Прыз ад гледачоў атрымала Яніна Шчурская.

Мерапрыемства завяршылася юбілейным тортам, які на сцэну вынеслі пераможцы конкурсу былых гадоў.



Першы раз «Я – сяльчанка!» прайшла ў 2014 годзе. Ідэя арганізаваць такі конкурс пайшла ад загадчыка Грынкаўскага філіяла-клуба Марыі Самалевіч. З тых пора ён мае статус раённага. Яго пераможцамі былі Святлана Гінч з Грынок, Алена Мацейка са Студзенікаў, Ганна Курбат з Вердамічаў, Ірына Гаўлік з Ханявічаў.


На свяце гучала розная музыка, гледачы атрымалі асалоду не толькі ад выступленняў канкурсантак, але і ад творчых нумароў мясцовых артыстаў і раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, а таксама ад прафесійных уменняў вядучай Ірыны Гутар.

Да новых сустрэч на раённым конкурсе «Я – сяльчанка!».

Марына ЯНЮК
Фота і відэа аўтара

Предыдущая статья

"Нынче книга – именинница". Под таким названием прошло торжественное открытие Недели книги в Свислочской детской библиотеке (+ видео)