banner
Регіянальны фестываль традыцыйнай культуры «Скарбы Гродзеншчыны» прайшоў у Свіслачы (+відэа)
16:00 27 Июля’19
1340

У суботу наша Свіслач сустракала чацвёрты рэгіянальны фестываль традыцыйнай культуры «Скарбы Гродзеншчыны». 

Адкрыццё мерапрыемства адбылося на галоўнай сцэне любімага месца адпачынку свіслачан – гарадскім парку. Вядучыя, апранутыя ў нацыянальныя касцюмы, пачалі праграму з прадстаўлення ўдзельнікаў фестывалю, прыехаўшых да нас з усіх раёнаў вобласці. І, вядома, не прамінулі магчымасці нагадаць прысутным, чаму фестываль раз у два гады вандруе па Гродзеншчыне: каб захаваць тое, што засталося нам ад продкаў, перадаць нашчадкам, каб зноў гучалі над дзіцячымі калыскамі даўнія мелодыі бабуліных калыханак, а кожнае свята і традыцыя былі напоўнены простай чалавечай мудрасцю.

На сцэну запрасілі старшыню Свіслацкага райвыканкама Уладзіміра Анішчыка і начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ірыну Паўлючэню, якія прынялі ад гаспадароў папярэдняга фестывалю яго сімвал – традыцыйны беларускі пояс. Гэты абярэг прыносіць дабрабыт і поспех, а сатканы ткачыхамі Лідскага, Астравецкага і Гродзенскага раёнаў.

Вітаючы ад імя райвыканкама, раённага Савета дэпутатаў і асабіста ад сябе ўдзельнікаў свята і ўсіх прысутных, Уладзімір Сяргеевіч адзначыў, што ў нашай краіне ёсць мноства месцаў, вядомых сваёй гістарычнай і культурнай спадчынай. І кожны такі рэгіён мае свой асаблівы этнаграфічны каларыт, так, як і свіслацкі край, край з багатай гісторыяй і традыцыямі. 

У раёне захавалася многа выдатных помнікаў культавага і сядзібна-паркавага будаўніцтва. Сярод іх асаблівае месца па праву займае Белавежская пушча – унікальны прыродны помнік, уключаны ў спіс культурнай спадчыны ЮНЭСКА. Мы сёння імкнемся адрадзіць і памножыць нашу культурную спадчыну. У рамках правядзення абласнога фестывалю-ярмаркі працаўнікоў сяла «Дажынкі-2018» на гарадской плошчы ўстаноўлены абеліск са шпілем, які быў разбураны ў 1939 годзе, на месцы прысядзібнага дома ў гарадскім парку з’явіўся гісторыка-археалагічны аб’ект з інфармацыйнымі табліцамі. 

Таксама старшыня райвыканкама падзякаваў арганізатарам свята за тое, што Свіслаччыну ўдастоілі гонару прыняць у сябе адзін з унікальных рэгіянальных фестываляў.

На свяце працавала журы, у саставе якога дзеячы мастацтваў: старшыня журы – доктар мастацтвазнаўства, прафесар, старшыня Беларускага саюза майстроў, Саюза народнай творчасці Яўген Сахута, сустаршыня журы – намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Сняжана Куратчык, дырэктар Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Алена Мурэня, старшы навуковы супрацоўнік, кандыдат мастацтвазнаўства Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Марыя Віннікава, намеснік начальніка аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута культуры Беларусі Алена Каліноўская, старшы выкладчык кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і касцюма Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, член Беларускага саюза музычных дзеячаў Ірына Мазюк, загадчык аддзела традыцыйнай культуры Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Вольга Шлавянец.

Кароткія прывітанні і віншаванні са святам ад старшыні журы – і мерапрыемства аб’яўляецца адкрытым. 

На галоўнай сцэне парку адбылося два конкурсы, у якіх прынялі ўдзел прадстаўнікі з усіх раёнаў вобласці. “Дух продкаў жыве ў нашых сэрцах”. Так называўся першы, дзе артысты радавалі гледачоў фальклорным мастацтвам. Народныя песні, танцы – скарбы, якімі багата наша Гродзеншчына і якія ўдалося захаваць дзякуючы неабыякавым людзям. Самае дзіўнае, што ні адна песня не паўтарылася, што і пацвярджае раней сказанае.

Упершыню на чацвёртым рэгіянальным фестывалі традыцыйнай культуры адбыўся яркі незабываемы конкурс рэгіянальных традыцыйных строяў. Што ні мадэль адзення, то адметная рыса таго рэгіёну, дзе яна была выраблена. Гучнымі апладысментамі гледачы сустракалі ўдзельнікаў конкурсу “Скарбніца моды Панямоння”.

Вольга ШЛАВЯНЕЦ, загадчык аддзела традыцыйнай культуры Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці:


– Добра, што ў нас на Гродзеншчыне праходзіць такі фестываль, што ён вандруе па ўсіх раёнах. Кожнае мерапрыемства праходзіць на высокім узроўні. Напэўна, таму, што ва ўсіх ёсць, што паказаць. У гаспадароў свята ёсць магчымасць пазнаёміцца з традыцыямі другіх рэгіёнаў, з адметнымі рысамі побыту і мастацтва, і важна, што іх захавалі нашчадкі. Свіслач таксама багата сваімі культурнымі традыцыямі і, вядома, мае рэгіянальныя асаблівасці. Вельмі прыемна, што ў вас ёсць многа майстроў народнай творчасці, фальклорныя калектывы, носьбіты элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны.


После языка важнейшей этнической приметой считается костюм: он отражает менталитет, характер, уровень духовной и материальной культуры народа. Особенности традиционной одежды своего региона показали участники областного конкурса традиционных региональных нарядов «Скарбніцы моды Панямоння». Он был настолько захватывающим и красочным, что не оставил никого из зрителей равнодушным.


Добрую частку фестывальнай пляцоўкi занялi падворкi традыцыйнай культуры, аб’яднаныя пад назвай «Бацькоўскую спадчыну захаваем на вякi». Тут было шматлюдна: i народных майстроў назбiралася, i гледачоў, што цiкавiлiся выставамi-продажамi самых разнастайных вырабаў, майстар-класамi па традыцыйных рамёствах, хацелi пазнаёмiцца з элементамi нематэрыяльнай культурнай спадчыны Гродзеншчыны i паспрабаваць рэгiянальныя традыцыйныя стравы. Усё гэта падрыхтавалi раёны Панямоння.

На ўваходзе ў парк запрашалi зазiрнуць на «Свiслацкi гасцiнец» народныя ўмельцы Свiслаччыны. Аддзел раместваў i традыцыйнай культуры прэзентаваў удзельнiкам фестывалю сваю сувернiрную прадукцыю.


Дабравольскi народны майстар Святаслаў Ляшчук здзiўляў мастацкай апрацоўкай дрэва, Жанна Сыраежка з Сакольнiкаў – выцiнанкамi i ткацтвам, свiслачанка Iрына Фунт – саломапляценнем, яе калега Вiталiй Анiська – ганчарствам. 


Сваё месца каля яго глiнянага посуду знайшлi i вырабы поразаўскага ганчара Iосiфа Шопiка, якiя датуюцца 1970–1980 гадамi мiнулага стагоддзя. 


Дадавалi каларыту свiслацкаму падворку ручнiкi, сурвэткi, ходнiкi, накiдкi на падушку з калекцыi раённага цэнтра культуры. Нельга было прайсцi i мiма ханявiцкiх квашаных блiночкаў. З хатняй каўбаскай, што падрумяньвала бакi на патэльнi, шкваркамi, печанымi яйкамi – паспрабуеш, не забудзеш. 


А побач – каралева выпечкi – банкуха, што спецыяльна да свята прыгатавалi па самабытнаму рэцэпту поразаўскiя гаспадынi Ганна Шалкевiч i Алена Козюк. 


Завяршалi гэты парад прысмакаў традыцыйныя стравы нашага раёна – кiшка i галушкi са шкваркамi. А запiць усё гэта гаспадары пляцоўкi раiлi лiпавым чаем. Сапраўды добра!

На суседнiм падворку здзiўляў ручнiкамi малой радзiмы Гродзенскi раён. 


Выклiкала апетыт адэльская ежа, дарылi асалоду работы аддзела этнаграфii, фальклору i рамёстваў Гродзенскага раённага культурна-iнфармацыйнага цэнтра. 


А прыхiльнiкаў музыкi збiраў каля сябе майстар па вырабу музычных iнструментаў з аг. Адэльск Мар’ян Скрамблевiч.


Дакрануцца да самабытнай Бераставiччыны заклiкалi майстры па карункапляценню, саломапляценню, ткацтву, керамiцы, вышыўцы i ткацтву. Бераставiчане прапанавалi гасцям i мясцовы напой – «Крамбамбулю». А добры настрой абяцалi аматары народнага фальклору.



Шчучын прывёз на фестываль два творчыя калектывы: народны фальклорны гурт Ракавiцкага ДК «Вяргiня» i дзiцячы ўзорны фальклорны калектыў «Скарбоначка» Дэмбраўскага сельскага дома фальклору. Дарэчы, «Дэмбраўская кадрыля» мае з сакавiка гэтага года статус элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Сям’я Накладовiч прэзентавала тканыя паясы, выкананыя ў розных тэхнiках. А на стале – смажаны заяц i шчучынская бляха.


Песеннай i танцавальнай творчасцю, прэзентацыяй святаў i абрадаў прадставiла сваю самабытнасць Лiдчына. На падворку можна было пабачыць i частку адноўленага святочнага абрада «Тры каралi». Тут вам у дадатак i традыцыйная народная вопратка, i галаўныя ўборы, i жаночыя торбачкi i сумкi. Частавалi ж гасцей лiдчане карпам запечаным «Па-белiцку», чырвоным кiсялём ды клёцкамi. Ну i, вядома, паляндвiцай. Як адзначылi гаспадары, «няма смачнейшай рэчы, чым свiнныя плечы».

Воранаўшчына славiцца народнымi майстрамi, чые рукi ўмеюць ткаць, вышываць, валодаюць глiнай. Дываны, створаныя землякамi, – iх гонар. 


Народны сямейны ансамбль «Сваякi» сустракаў гасцей на падворку Ваўкавыскага раёна. Вясельны каравай – элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны – таксама можна было тут убачыць. Дарэчы, ваўкавыскiя гаспадынi – удзельнiкi кулiнарна-гiстарычнага шоу «Беларуская кухня». Банды на дубовых лiсцях i тыя стравы, без якiх не абыходзiцца беларускi стол, – вось чым частавалi тут гасцей.


Традыцыi выпечкi караваяў на Слонiмшчыне, фальклорны калектыў з Астравеччыны «Жiльвiцiс», «Мазгi ў яйках» i «Язык у вухе» ад Карэлiцкага раёна, густы моднiкаў i моднiц ХХ стагоддзя ад Навагрудчыны, кошыкi з лазы ў выкананнi сямейнай пары Аляксандра i Людмiлы Мускiх i таўчонiкi з душами ад Смаргонi, паясы, ручнiкi, пано з цеста, лялькi i добрая песня ад Дзятлаўшчыны, многанацыянальны каларыт ад Iўеўскага раёна, спiральнае пляценне з травы i тканыя палавiкi ад мастоўскiх майстроў, майстар-клас за калаўротам ад сапраўднага народнага майстра Антанiны Пенцяк з Зэльвеншчыны, цуды з саломы, дрэва, глiны i нiтак ад ашмянскiх умельцаў, ткацтва габеленаў, традыцыi вырабу Велiкодных вербаў i кавальскi горн ад г. Гродна – усё гэта вабiла i не адпускала з такiх багатых на спадчыну падворкаў Прынёманскага краю.



Дзіўны стыль выступлення гасцей фестывалю з Гомеля – музычнага фолк-праекта «Ягорава гара» – унясло столькі пазітыву! Артысты больш гадзіны радавалі свіслачан і гасцей свята сваёй творчасцю. Артысты нават прымусілі гледачоў выйсці на  танцпляцоўку. 

Музычны праект “Ягорава гара” – гэта сінтэз архаікі і сучаснасці, эксперыменту ў музыцы. Удзельнікі музычнага праекта імкнуліся раскрыць глыбіню старажытнай народнай музычнай культуры праз апрацоўку традыцыйных беларускіх песень. Музычныя стылі, якія выкарыстоўваюць артысты, вельмі разнастайныя. Адна з першых песень была ў шаманскім стылі. Вельмі ўразіла купалаўская. Рэпертуар гурта складаюць больш за паўсотні акустычных і электронных кампазіцый. Музычны блок праекта імкнуўся перадаць перанятую ад носьбітаў традыцыйную манеру народных спеваў.


У завяршэнні фестывалю “Скарбы Гродзеншчыны” адбылася цырымонія ўзнагароджання. Свае ўражанні выказаў старшыня журы Яўген Сахута:  “Столькі хараства прадставіла Гродзеншчына, кожны падворак быў як цуд мастацтва. Журы было цяжка выдзеліць лепшых, паколькі кожны падворак быў па-свойму прыгожы і дастойны ўвагі”. На цырымонію ўзнагароджання пераможцаў выйшла намеснік старшыні журы Сняжана Куратчык. Кожны ўдзельнік атрымаў дыплом за ўдзел. Спецыяльным прызам за пераемнасць народных традыцый узнагародзілі Іўеўскі цэнтр народнай творчасці, а таксама Бераставіцкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці. У намінацыі “Лепшы падворак” дыплом першай ступені атрымаў Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці. У намінацыі “Лепшая калекцыя традыцыйных рамёстваў” – Навагрудскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці. За лепшае прадстаўленне традыцыйных страў адзначаны Карэліцкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці. 

У намінацыі “Лепшая прэзентацыя падворка” стаў лепшым Ваўкавыскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці. 

Спецыяльнага прыза за папулярызацыю традыцыйнай культуры Панямоння ўдастоены народны фальклорны гурт “Крынічанька” Свіслацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці (кіраўнік Ірына Ягорава), а за пераемнасць спеўных традыцый – дзіцячы фальклорны калектыў “Бабуліна скрынка” Бераставіцкага раёна (кіраўнік Ірына Дзярвейка), за самабытнасць і адметнасць выканаўчага стылю – фальклорны калектыў “Вянок” Воранаўскага раёна (кіраўнік Ірына Балюк). Спецыяльны прыз як лепшаму народнаму спеваку ўручаны свіслачаніну Мечыславу Немчыновічу. Лепшым фальклорным дзіцячым калектывам прызнаны “Гулянок” Смаргонскай дзіцячай школы мастацтваў. Лепшы дарослы калектыў – “Талер” Лідскага раёна. У намінацыі “Лепшы аўтэнтычны калектыў” перамог калектыў “Граўжышкі” Ашмянскага раёна. У намінацыі «Скарбніца моды Панямоння» спецыяльнымі прызамі ўзнагароджаны Мастоўскі цэнтр рамёстваў, Астравецкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці, Росскае аддзяленне Ваўкавыскага раёна, Навагрудскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці, Слонімскі цэнтр культуры і рамёстваў.

Яшчэ вельмі многа было пераможцаў у розных намінацыях. Свята пакінула многа ўражанняў, а галоўнае – вялікую надзею на тое, што беларусы захаваюць сваю спадчыну на вякі.

Святлана САЛМАНОВІЧ, Воранаўскі раён: 

– Была ў вашых краях на абласных Дажынках у 2017 годзе. Ужо тады ўражанні былі вельмі добрыя. У Свіслач прыемна прыязджаць і праводзіць забаўляльную праграму, паколькі людзі добра і актыўна ўдзельнічаюць. Месца размяшчэння свята прыгожае. Таксама хочацца адзначыць, што за два гады горад змяніўся і стаў прыгажэйшым. Менавіта для сябе ў такія святы забіраю з сабой вялікі багаж, паколькі для маёй працы гэта як семінар ведаў і ўражанняў.

Валянціна ГОРЫД, Ашмянскі раён:

– Я лічу, што гэта свята вельмі важнае для моладзі, паколькі даўнія традыцыі забываюцца і не выкарыстоўваюцца, а вельмі шкада. І толькі на такіх мерапрыемствах людзі маюць магчымасць убачыць, колькі цудоўнага і прыгожага было ў нашых продкаў: абрады, ежа, песні, убранне. У Свіслачы не першы раз. Ваш горад як маленькі Парыж. 

Людміла БАЛЫШ, Наталля ТУРКО, Вольга БОТВІЧ

Фота аўтараў і Марыны ЯНЮК

Предыдущая статья

Антитабачный декрет вступил в силу в Беларуси
Комментарии 0

Ваше имя

Комментарии