banner

Люблю цябе, зямлі бацькоўскай слова!

01 Марта’19
3006
21 лютага ўстановы адукацыі раёна адзначылі Міжнародны дзень роднай мовы.



 Ужо на працягу дзевяці гадоў у межах такого значнага свята арганізуюцца разнастайныя мерапрыемствы па папулярызацыі і пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы. Яны накіраваны на тое, каб абуджаць нацыянальную самасвядомасць маладога пакалення, стымуляваць цікавасць да гістарычнага мінулага свайго народа, далучацца да народных традыцый, нацыянальнай культуры, асаблівасцей роднай мовы. У кожнай установе адукацыі загадзя распрацавалі планы, згодна з якімі працавалі на працягу тыдня.

У межах тыдня беларускай мовы прайшлі акцыі «Гавары са мной па-беларуску», конкурсы чытальнікаў вершаў, сачыненняў, малюнкаў, кніжныя выставы, прысвечаныя творчасці пісьменнікаў-юбіляраў, вечарыны на беларускай мове, тэатралізаваныя пастаноўкі і іншыя мерапрыемствы.

Таксама ўсе ўстановы прынялі ўдзел у рэспубліканскім конкурсе па беларускай мове «Буслік-2019».

Цікава і займальна прайшлі віктарына «Любі, шануй, ведай родную мову» і кніжная выстава-агляд «Мова продкаў маіх і нашчадкаў маіх – беларуская родная мова!» у СШ № 2 імя М. П. Масонава, гучныя чытанні «Люблю чытаць на роднай мове» ў Навадворскай СШ.  Вясёлая гульнявая праграма «Расцём беларусамі», турнір знаўцаў «Таямніцы роднай мовы», фестываль рыторыкі «Дарогамі класікі» сабралі разам навучэнцаў гімназіі № 1 імя К. Каліноўскага г. Свіслачы. У Поразаўскай СШ школьнікі паўдзельнічалі ў інтэрактыўнай гульні «Залацінкі народнай мудрасці», конкурсах эрудытаў «Святло роднага слова» і перакладчыкаў «Размаўляй са мной па-беларуску». У ролі міні-даследчыкаў пабывалі вучні 6 класа Корнадзьскага ДС БШ, якія збіралі цікавыя выказванні беларускіх аўтараў пра родную мову.

З нагоды 105-годдзя з дня нараджэння Аркадзя Куляшова  ў школьнай бібліятэцы была арганізавана выстава кніг, дзе школьнікі маглі пазнаёміцца з яго біяграфіяй і творчасцю. Конкурсы сачыненняў «Я – беларус, мая родная мова – беларуская!» і малюнкаў да твораў беларускіх пісьменнікаў  адбыліся ў Грынкаўскім ДС СШ. Масава адзначылі дзень роднай мовы ў Дварчанскім ДС БШ. У моўным свяце «Родная мова, цудоўная мова!» прынялі ўдзел усе вучні школы. Квэст-гульня «Дзень роднай мовы», акцыя «Скажы ў краме: «Дзякуй!», карагод беларускіх слоў «У любімай мове – ах, якія словы» прайшлі ў Ханявіцкім ДС СШ.

Таксама ў межах свята быў праведзены раённы конкурс відэаролікаў «У краіне роднай мовы», пераможцай якога стала вучаніца 8 класа Дабравольскага ДС СШ Дар’я Лоскат. Яна прадстаўляе наш раён на абласным конкурсе.

Сняжана ЖУРНЕВІЧ.

Предыдущая статья

Свята для смелых і мужных