banner

Абараніць і захаваць сусветную спадчыну

18 Апреля’19
1900


18 красавіка – міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін. Гэты дзень устаноўлены ў 1983 годзе Асамблеяй Міжнароднага савета па пытаннях аховы помнікаў і славутых месцаў, створанай пры ЮНЕСКА. Упершыню адзначаўся 18 красавіка 1984 года.

Захаванне гістарычных і культурных каштоўнасцей народаў і нацый з’яўляецца абавязковай умовай прагрэсу і развіцця як асобнага чалавека, так і краіны.

Гэта ідэя пакладзена ў аснову міжнародных пагадненняў і канвенцый па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, ратыфікаваных таксама і Рэспублікай Беларусь. Адным з галоўных дакументаў у нашай краіне з’яўляецца закон «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь», прыняты ў студзені 2006 года.

У Беларусі есць чатыры аб’екты, якія ўключаны ў спіс Сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА. Гэта Мірскі і Нясвіжскі замкі, геадэзічная дуга Струвэ, а таксама Нацыянальны парк «Белавежская пушча». Акрамя гэтага, яшчэ пяць аб’ектаў прэтэндуюць на тое, каб увайсці ў гэты спіс. Сярод іх – Аўгустоўскі канал, Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку, Каложская царква ў Гродне.

У нашай краіне больш за 5 з паловай тысяч гісторыка-культурных каштоўнасцей і каля дзесяці тысяч археалагічных аб’ектаў.
Свіслаччыне таксама ёсць чым ганарыцца. Гэта і будынак былой гімназіі, і фрагменты былой сядзібы ў аг. Вердамічы, царква Успення Прасвятой Багародзiцы ў аг. Дабраволі і Міхайлаўскі касцёл у г. п. Поразава. Нельга не ўзгадаць касцёл былога кляштара францысканцаў у в. Грынявічы, сядзібу «Багудзенкі» і сядзібу графа Тышкевіча ў Жаркаўшчыне. А яшчэ шматлікія каменныя магільнікі, раскіданыя па ўсім раёне.

Асобным шэрагам стаяць брацкія магілы і строгія абеліскі як маўклівыя сведкі жудасных зверстваў фашызму на нашай зямлі падчас Вялікай Айчыннай вайны.
І, вядома, гэты спіс будзе няпоўным, калі не прыгадаць пра помнікі гістарычным дзеячам і нашым слынным землякам. Напэўна, самы вядомы з іх, гэта помнік Кастусю Каліноўскаму – работа вядомага беларускага скульптара Заіра Азгура.

Пагрудны бронзавы бюст Каліноўскага вышынёй 1,05 м пастаўлены на трохмятровы пірамідальны пастамент па вул. Леніна ў Свіслачы ў 1958 годзе. Стрыманы парыў, гордая незалежнасць, духоўная актыўнасць героя перададзены ў павароце галавы, смелым позірку, у рысах твару. Кампазіцыя бюста ажыўлена рухам рукі, якая трымаецца за штрыфель фрака.

Свіслачанам сапраўды ёсць чым ганарыцца і ёсць што берагчы!

Ігар БАЯРКІН.
Фота аўтара.

Предыдущая статья

Все только в рамках закона