banner

Мы спяваем свой лёс

28 Января’08
4057
Мы спяваем свой лёс      Іх песні можна слухаць бясконца. Яны льюцца з самых патаемных куточкаў сэрцаў спявачак, як чысцюткая вадзіца з неперасыхаючай крыніцы. Тыя песні яны чулі яшчэ ад матуль, калі ляжалі ў плеценай калысцы пад галінкамі вербалозу, у полі ў час жніва і доўгімі зімовымі вечарамі, калі не ведаўшыя стомы матуліны рукі лоўка снавалі кросны. Тыя песні ліліся і ў радасці, і ў горы, у вясковых дзявочых карагодах, і калі гудзела спіна, жнучы жыта. Ці маглі яны не запасці ў серца? Ці маглі сцерціся з памяці?
      Вось яны сядзяць, паклаўшы на калені спрацаваныя далоні, і спяваюць, і кожны твар свеціцца такой шчырасцю, такой невыказанай прыгажосцю, што нельга не здзівіцца.
      Тыя рукі ніколі не ведалі ніякіх упрыгажэнняў, акрамя мазалёў, тыя шурпатыя далоні паставілі б у тупік любую варожку. Бо іх лініі даўно сцерты, пераіначаны, іх цяпер удоўж і ўпоперак перасякаюць толькі лініі працы. А лёс? Лёс – у песнях, якія яны пяюць з той пары, калі сябе памятаюць.
      Гурту “Лета маладыя” з Кукліч у гэтым годзе спаўняецца 20 гадоў. Яго ўдзельніцы – сем спявачак. Сем цудоўных жанчынак, сем лёсаў. І ні ў воднай з іх не быў ён бясхмарным. Усе сямёра ўжо ўдавіцы. Першай пахавала мужа Ганна Аляксандраўна Прасняк. Ёй усяго 42 гады было, калі ён пакінуў гэты свет і яе з дзвюма дачушкамі. Адна падымала дзяцей і на долю не скардзілася. Не было каму. Потым у розныя гады аўдавелі астатнія. Па чарзе адпявалі мужыкоў і, наплакаўшыся ў падушку, жылі далей і боль адзіноты залечвалі песнямі.
Найстарэйшай спявачцы, Соф’і Іванаўне Васіліцы, 78 гадоў, наймалодшай, Надзеі Васільеўне Трухановіч – 61. Пяюць у гурце Антаніна Георгіеўна Навошчык, Соф’я Якаўлеўна Анісеня, Алена Іванаўна Бяласік і Ніна Васільеўна Кярдоль. Вось такім саставам яны і прадстаўляюць свае цудоўныя песні. І чуваць іх галасы не толькі ў родных Куклічах, а і далёка за іх межамі. Нядаўна фальклорны гурт “Лета маладыя” стаў пераможцам у абласным фальклорным фестывалі. У хуткім часе жанчынак чакае запіс на радыёстудыі ў Гродне і уласны дыск з самабытнымі народнымі песнямі. Гурт не толькі пяе. Жанчыны не забыліся пра старадаўнія абрады, такія як “Каравай”, “Пярэпыты” (перадвясельныя), “Свая хатка, як родная матка”, а таксама вячоркі “Вясковыя замалёўкі”, “Песні матчынай душы” і іншыя. Акрамя таго, кожная з іх — Майстрыха з вялікай літары. Умеюць ткаць, вышываць, вязаць пруткамі і кручком, а яшчэ выпякаць пірагі, вітаць гасцей і цаніць кожны міг жыцця.
“Запрагайце, хлопцы, коней,
Коні вараныя,
Ды паедзем даганяці
Лета маладыя...
Ой, дагналі мае лета
На дубовым мосце.
Ой, вярніцесь, мае лета,
Да мяне ў госці...
Не вярнемся, не вярнемся
Да цябе ў госці.
Трэба было шанаваці
Нас і з маладосці...”
      Льецца песня і шчыміць сэрца ад той сумнай мелодыі і яшчэ ад таго, што ўжо не вернуцца лета, як ні заві...
Ядвіга КОБРЫНЕЦ.
На здымку: фальклорны гурт Кукліцкага СДК “Лета маладыя”.
Фота Рыгора ШЫРАЕВА.

Предыдущая статья

В путах насилия