banner

Цёпла, яшчэ цяплей, горача...

08 Декабря’08
1981

altНібы прарэзваючыся праз пранізлівы вецер, людзі спешна крочаць па замешанай у гразь дарозе. Цяпла няма. З боку возера дыхае ў твар восень. У гэты занудлівы дождж хочацца радзей выходзіць з дому... А пры неабходнасці — проста хутка прабегчыся па непагадзі, схаваўшы галаву ў высокі каўнер. Бадай што, ёсць толькі адно жаданне — схавацца ў цёплай вопратцы самому, схаваць вочы, уткнуўшы позірк пад ногі. Маўляў, што глядзець па баках? Вакол толькі шэрасць і сырасць. Яўнае запавольванне руху ў прыродзе накладае свой адбітак і на наш душэўны стан: нездарма ж так многа гаворыцца пра асеннюю дэпрэсію. Сапраўды, у такі час наваколле становіцца няўтульным. Мы меней углядаемся ў людскія твары, адхінаючы галаву ад ветра і халодных кропель дажджу. Агароджваемся ад свету парасонамі. У здранцвеласці чакаем, калі нарэшце прамень сонца прарэжа тлусты слой воблакаў... Так хочацца цеплыні...

Але ж яе так многа і без сонечных пасылак. У такі асенні час прыемна грэцца ў іскрах чалавечых адносін. Нам цёпла ад пяшчотных далонек сына, ад звонкага шчэбету дачушкі... Свет становіцца сонечным ад закаханага погляду, падараванай усмешкі, шчырага прызнання, ласкавага дотыку і гарачых абдымкаў, ад кароткага тэлефоннага выразу “Як справы?”. Яны нібы дастаюць нас з нябачнага футлярчыка. І мы становімся вясеннімі легкакрылымі ластаўкамі. Упэўнена і бадзёра робім крок у вільготны тунэль імгі. З лёгкасцю. Бо там, у канцы гэтага тунэля, на трэцім паверсе знаёмага дома прывабна гараць родныя вокны. Глядзіш на іх і адчуваеш — становіцца цяплей... А калі сям’я цесным гуртам усаджваецца вячэраць, сабраная водарам гарачай стравы, разумееш: самае галоўнае, што толькі можа быць у жыцці кожнага, у цябе ёсць. “Мае родныя, каханыя... Вы мой дом, мая крэпасць. І тут — заўсёды цёпла...”

Наталля КОМАР.

Предыдущая статья

Сигнальные огни кортежа не выключали даже по просьбе Н. С. Хрущева