banner

Вялікія майстры беларускага слова

11 Августа’12
6021

У сузор’і слынных імёнаў, якімі па праву ганарыцца беларускі народ, пачэснае месца займаюць народныя паэты Беларусі Янка Купала, Якуб Колас і Максім Танк.  Класікі нацыянальнай літаратуры, вялікія мастакі беларускага слова, аўтары паэтычных шэдэўраў, яны ўвайшлі ў залаты фонд нацыянальнага пісьменства.
Ушанаваць выдатных паэтаў Беларусі, папулярызаваць іх творчасць, далучыць чытачоў да літаратурнай спадчыны класікаў – такая мэта раённага бібліятэчнага конкурсу “Вялікія майстры беларускага слова”. У рамках яго ладзяцца цікавыя і займальныя мерапрыемствы, электронныя прэзентацыі, літаратурныя вандраванні. Да ўвагі наведвальнікаў у бібліятэках арганізаваны кніжныя выставы, тэматычныя паліцы, выставы-прапановы, выставы-знаёмствы “Песняры зямлі беларускай”, “Волаты слова народнага”, “У вянок песнярам”, “Роднага слова гук чароўны”. На працягу ўсяго года выставы будуць папаўняцца новымі інфармацыйнымі матэрыяламі, артыкуламі з перыядычных выданняў аб песнярах зямлі беларускай і іх творах.
З нагоды юбілеяў класікаў беларускай літаратуры Свіслацкая цэнтральная бібліятэка з пачатку года правяла для сваіх чытачоў дзень інфармацыі “Знакавыя постаці Беларусі”, літаратурную імпрэзу “Выдатныя паэты славянскага свету”, вечар беларускага раманса “Свайму народу – песень дар”. Запісы вядомых песняў “Спадчына”, “Явар і каліна”, “Мой родны кут” выклікалі цікавасць у чытачоў, значна папоўнілі іх веды аб творчасці паэтаў. Яскравым дапаўненнем мерапрыемстваў сталі электронныя прэзентацыі “Пакуль ёсць Купала – будзе і народ”, “Купалы і Коласа слынныя словы”, “Максім Танк – майстар паэтычнага радка”, прысвечаныя цікавым старонкам біяграфій вядомых паэтаў Беларусі.
Янка Купала – непаўторны талент, у якім увасабляецца сіла беларускага народа, прыгажосць яго духоўнага жыцця, гуманнасць і мудрая філасофія. На літаратурнай гадзіне “З Купалам у сэрцы жывём”, гадзіне паэзіі “Жыве ў народзе голас песняроў”, паэтычным конкурсе “Беларускай паэзіі волаты”, якія прайшлі ў сельскіх бібліятэках, гучалі вершаваныя творы аўтара, прасякнутыя гэтай тэмай. Удзельнікі мерапрыемстваў з задавальненнем чыталі паэтычныя радкі Янкі Купалы, слухалі песні на словы паэта, паказвалі добрыя веды яго творчасці падчас правядзення віктарыны “Наш Купала”.
Беларускія песняры – выдатныя аўтары і дзіцячых твораў. Іх героі вучаць любіць і паважаць працу, разумець прыгожае, быць сапраўднымі патрыётамі. Юныя чытачы з задавальненнем прымалі ўдзел у шматлікіх мерапрыемствах Тыдня дзіцячай кнігі, Міжнароднага дня абароны дзяцінства, літаратурным конкурсе “Лета і кніга”. Актыўнымі дзеці былі падчас літаратурных віктарын “Знаўцы творчасці паэтаў” (Дашкавіцкая сельская бібліятэка), “Беларускія песняры” (Сакольніцкая СБ), гадзін паэзіі “Айчыны гонар і любоў” (Поразаўская бібліятэка – цэнтр краязнаўства), “Нам засталася спадчына” (Грынкаўская СБ), літаратурных знаёмстваў “І плыве той радок, і звініць тваё слова” (Гарнастаевіцкая, Ціхавольская СБ).
У аматарскіх аб’яднаннях, якія працуюць пры кожнай бібліятэцы раёна, прайшлі мерапрыемствы па творах беларускіх песняроў. Удзельнікі аматарскага аб’яднання “Юныя сябры бібліятэкі” Свіслацкай гарадской бібліятэкі былі запрошаны ў літаратурную вандроўку “Песняры родных ніў Якуб Колас і Янка Купала – дзецям”. Адно з пасяджэнняў клуба “Вясёлка” Свіслацкай дзіцячай бібліятэкі было прысвечана вершаваным творам паэтаў-юбіляраў.
У бібліятэках раёна прайшлі і мерапрыемствы, прысвечаныя творчасці Максіма Танка. На літаратурных гадзінах, гадзінах паэзіі ішла гаворка аб глыбокай, чыстай, як возера Нарач, паэзіі народнага паэта Беларусі. Электронная прэзентацыя “Ёсць такая земля казак, песень…” у Ханявіцкай БЦК  суправаджалася чытаннем вершаў Максіма Танка. Творчасці аўтара была прысвечана паэтычная гадзіна “Вершы, што кранаюць душу” (Поразаўская БЦК). Чытачы Свіслацкай дзіцячай бібліятэкі зрабілі казачную вандроўку па дзіцячых творах паэта з дапамогай гульнёвых конкурсаў, віктарын, пазнаёміліся з традыцыйнымі народнымі калыханкамі на прыкладзе басні-гульні “Ехаў казачнік Бай”. Гадзіна казак “Чараўнік паэтычнай стыхіі” сабрала аматараў творчасці Максіма Танка ў Навадворскай БЦК.
Класікі беларускай літаратуры Янка Купала, Якуб Колас, Максім Танк – тыя велічыні сусветнай культуры, пра якіх ніколі не будзе сказана апошняе слова, таму што кожнае пакаленне будзе зноў і зноў вяртацца да іх творчасці. Юбілейны год беларускіх песняроў працягваецца, а гэта значыць, што бібліятэкі раёна запросяць усіх, хто цікавіцца нацыянальнай літаратурай, на чарговыя мерапрыемствы.

Алена ШПАК,
загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынга Свіслацкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы

Предыдущая статья

В Польшу – по Августовскому каналу