banner
Руйнаваць жыццё – не будаваць
00:00 07 Декабря’18
Наша Свіслаччына ціхая і спакойная. Здаецца, што тут нават час ідзе не так хутка, як недзе ў абласным цэнтры ці сталіцы. Паўсюдная людская мітусня, бясконцы рух транспартных сродкаў даюць магчымасць у гэтым пераканацца. Аднак і яна не застрахаваная ад выпадкаў, якія застаўляюць задумацца і звярнуць увагу на чалавечую бяспечнасць.
Думаецца, што ўсе злачынствы адбываюцца недзе далёка і яны ніколі нас не крануць. А калі нешта і адбываецца, яно выклікае шырокі грамадскі рэзананс. Жыхары і іх справы заўсёды перад вачыма аднавяскоўцаў, суседзяў, знаёмых, родных. Не тое што ў вялікіх гарадах, дзе нават людзі, якія жывуць на адной пляцоўцы, не ведаюць адзін аднаго. Таму, можа, і розныя падзеі перажываюцца ў нас па-рознаму.
Мяне хвалюе, што часцей на старонках нашай газеты сталі з’яўляцца факты дарожных здарэнняў, пажараў, у выніку якіх калечыцца жыццё людзей ці ўвогуле яны яго пазбаўляюцца. І сапраўды, калі я звярнулася да аператыўных зводак па дарожна-транспартнай абстаноўцы, то пабачыла, што за такі ж перыяд мінулага года (студзень – верасень) сітуацыя пагоршылася, асабліва з траўміраваннем людзей, з 0 да 5 выпадкаў. І такія сумныя дадзеныя датычацца не толькі нашага раёна: у Воранаўскім і Мастоўскім – з 3 да 7 у кожным. Як паказвае аналіз, найбольшая колькасць дарожна-транспартных здарэнняў рэгістрыруецца ў пятніцу і суботу у перыяд часу з 17.00 да 22.00 і з 7.00 да 9.00. Асноўнымі прычынамі і ўмовамі з’яўляюцца парушэнні Правіл дарожнага руху вадзіцелямі, перавышэнне устаноўленай хуткасці руху, кіраванне транспартным сродкам у стане ап’янення і іншыя.

Чаму менавіта я звярнулася да гэтага пытання? Таму што часцей на дарогах Свіслаччыны пачалі абрывацца людскія жыцці. Кожная такая трагедыя астаўляе глыбокі след на лёсах удзельнікаў здарэнняў і іх родных. Кожны загінуўшы ці скалечаны – чыйсьці сын, дачка, маці, бацька, сястра, брат… Чаму так адбываецца? Здаецца, нядаўна ў адзін дзень (у суботу) адбыліся аж два дарожна-транспартныя здарэнні, у адным з іх загінуў мужчына. Знаёмыя прычыны: вадзіцель няправільна выбраў хуткасць руху па гравійнай дарозе, знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення і не меў вадзіцельскага пасведчання. Як сталы чалавек 1968 года нараджэння мог так бяспечна сябе павесці? Якія абставіны вымусілі сесці за руль нецвярозага бяспраўніка? На гэтае пытанне цяпер адкажа толькі следства.

Але я не разумею, пра што думалі ён і яго пасажыр, для якого такая паездка стала апошняй. Яны абодва не гарачыя маладыя юнакі, якім хочацца новых уражанняў, адрэналіну.  Сталыя мужчыны, бацькі, сыны. Навошта такім недарэчным спосабам ламаць жыццё сабе і сваім сем’ям. Ці варта яно таго? Вадзіцель, які выжыў, назаўсёды застанецца злачынцам, яго жыццё падзялілася на «да гэтага» і «пасля».
Як глядзець у вочы родным і блізкім пасажыра? Як з такім цяжарам увогуле жыць далей? Я не ведаю. Але адназначна пераканана ў тым, што прычына трагедыі і аналагічных ёй – абыякавасць людзей да жыцця, і не толькі свайго, але і іншых. Яны не цэняць яго, гуляюць з ім, выпрабоўваюць. А трагедыі магло б і не быць. І гэта толькі адзін прыклад, а колькі іх адбываецца амаль штодня. І віной таму –  глупства і бяспечнасць.

Кожны дзень сродкі масавай інфармацыі распавядаюць пра розныя здарэнні, прыводзяць сумную статыстыку, але чамусьці гэтыя доказы не кранаюць сэрцы такіх вадзіцеляў. Напэўна, яны думаюць, што з імі ніколі такого не можа здарыцца. Аднак факты ўказваюць на адваротнае. Сядаючы п’янымі за руль,  вадзіцелі становяцца пагрозай не толькі для сябе, але і для іншых: пасажыраў, пешаходаў, веласіпедыстаў. І колькі прафілактычных мерапрыемстваў праводзіцца інспектарамі ДПС па выяўленні такіх вадзіцелей, менш іх не становіцца. Чаму? Задумайцеся лішні раз, людзі, што для вас даражэй! Ці варта такім бяздумным учынкам руйнаваць лёсы ні ў чым не павінных людзей?
Текст: Снежана Журневич

Предыдущая статья

Горжусь службой